За тры гады ў Беларусі знішчана 100 тысяч дзікоў



За апошнія тры гады ў лясах Беларусі было знішчана 100 тысяч дзікоў, паведаміў 8 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску міністр лясной гаспадаркі Міхаіл Амельяновіч.

Ён нагадаў, што рашэнне аб знішчэнні дзікоў як разносчыкаў афрыканскай чумы свіней было прынятае ў 2013 годзе, калі ў Гарадзенскай і Віцебскай абласцях фіксаваліся ўспышкі АЧС. На сёння, паводле слоў міністра, у краіне налічваецца 2,6 тысячы асобінаў дзікоў.

Што тычыцца папуляцый іншых дзікіх звяроў у беларускіх лясах, то яны павялічваюцца, паведаміў Амельяновіч. Гэта, у прыватнасці, тычыцца аленяў, казуль і іншых жывёл. „Колькасць звяроў расце, і ідзе развіццё дзейнасці паляўнічых гаспадарак. Ёсць для гэтага плошчы. Але па многіх відах жывёл (ласі, алені, казулі) мы яшчэ не дайшлі да аптымальнага значэння”, — падкрэсліў міністр.

Ён таксама закрануў тэму папуляцыі ваўкоў. Пры аптымальнай колькасці для Беларусі 500—600 асобін на ўліку ў 2016 годзе было 1.637 ваўкоў, паведаміў чыноўнік. Сёлета, паводле яго слоў, вядзецца падлік ваўкоў у лясах, асабліва ў заказніках, дзе іх жыве вялікая колькасць. „Ёсць абаронцы ваўкоў, эколагі, навукоўцы. Але воўк наносіць вялікія страты хатняй жывёлагадоўлі. Трэба захоўваць папуляцыю, але не ў такой колькасці”, — падкрэсліў Амельяновіч. Ваўкі, паводле яго слоў, знішчаюць жывёл і ў запаведніках: адзін воўк на працягу года з’ядае 1,5 тоны мяса. „Для таго каб забяспечыць жыццядзейнасць гэтага драпежніка, трэба вялікая колькасць іншых жывёл у лясах”, — дадаў кіраўнік Менлясгаса.

belapan.by