За ўзняты нацыянальны сцяг Сахарук зноў апынуўся ў міліцыі



Валтузня вакол публічнага падняцця 9 траўня гістарычнага бел-чырвона-белага сцяга сябрам прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці, былым афганцам Аляксандрам Сахаруком працягваецца.

Ён быў паўторна выкліканы супрацоўнікам міліцыі Ленінскага РАУС Берасця Андрэем Дземянчуком нібы для вяртання сцяга. А насамрэч для складання пратакола-апытання па гэтай справе, па якой Сахарук быў 9 траўня затрыманы і пасля складання пратакола змешчаны на паўтара сутак у ізалятар часовага ўтрымання.

„Пасля вызвалення з ізалятара пачаліся незразумелыя маніпуляцыі вакол мяне,” – кажа  Аляксандр Сахарук:

– На мяне быў складзены пратакал аб адміністатыўным правапарушэнні – арганізацыі і правядзенні недазволенага мерапрыемства. Калі я падпісаў пратакол, я папрасіў копію пратакола. Мне ў гэтым адмовілі. Папрасіў сфатаграфаваць на тэлефон дадзеныя пратакола. Мне адмовілі. Я папрасіў, каб маёй сям’і паведамілі, дзе я знаходжуся. Мне паабяцалі, што гэта будзе зроблена. Але гэта не было зроблена. 

Як і пасля вызвалення, не была выдадзена даведка для прадстаўлення на работу. Прыйшлося пісаць скаргу. Але ў даведцы не было напісана, на якіх падставах Сахарук быў вызвалены.

„Цяпер, аказваецца, справа пачынаецца спачатку,” – гаворыць Аляксандр Сахарук.

Беларускае Радыё Рацыя