За вокліч „Жыве Беларусь!” мінчаніна арыштавалі на 30 сутак



Суд Фрунзенскага раёна Менска арыштаваў на 30 сутак 61-гадовага мінчаніна Міхаіла Дубіну за вокліч у тралейбусе лозунга „Жыве Беларусь!”, паведамляе праваабарончы цэнтр „Вясна”. Мужчыну затрымалі напярэдадні ў Менску на прыпынку грамадскага транспарту. „Неабыякавы грамадзянін паскардзіўся ў міліцыю на тое, што невядомы мужчына выходзіў і выкрыкваў лозунг, таму на выхадзе з транспарту Міхаіла адразу затрымалі міліцыянеры”, — адзначаецца ў паведамленні. У Фрунзенскім РУУС на мужчыну склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне. На судзе Дубіна сцвярджаў, што ў тралейбусе паспрачаўся з двума мужчынамі на шакаладку, што выкрыкне „Жыве Беларусь!”. У выніку выявілася, што гэтыя пасажыры — супрацоўнікі міліцыі ў цывільным.

Беларускае Радыё Рацыя