За вуліцу Слуцкіх Паўстанцаў сабрана больш за 600 подпісаў



Рух „За Свабоду” перадаў мясцовым уладам каля 640 подпісаў за перайменаванне ў Слуцку вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх Паўстанцаў.

Збор подпісаў ініцыяваў у пачатку студзеня каардынатар руху „За Свабоду” ў Менскай вобласці Віталь Амяльковіч. Петыцыя была размешчана на рэсурсе zvarot.by. У звароце падкрэслівалася, што „менавіта на цяперашняй вуліцы Камсамольскай знаходзіўся дом Эдварда Вайніловіча, у якім засядала Рада Слуцка і дзе было прынята гістарычнае рашэнне аб пачатку барацьбы супраць войскаў расійскай Чырвонай арміі, якія наступалі на беларускія землі”.

За 20 дзён, паведамляе прэс-служба руху „За Свабоду”, удалося сабраць 641 подпіс, усе яны сёння былі накіраваны праз электронную форму на сайце адміністрацыі Слуцка. Праз паўмесяца павінен паступіць адказ.

„Случчакі і я асабіста, усе тыя неабыякавыя людзі, якім важна захаваць памяць аб падзеях Слуцкага збройнага чыну, якія паважаюць свядомы выбар герояў нашай Бацькаўшчыны, усе мы вельмі ўдзячныя тым, хто падтрымаў кампанію”, — сказаў Амяльковіч. Паводле яго слоў, збор подпісаў пад анлайн-петыцыяй — гэта толькі адна з частак вялікай кампаніі, яна будзе працягвацца нават пры адмоўным рашэнні гарадскіх уладаў.

Амяльковіч лічыць, што вуліца Слуцкіх Паўстанцаў абавязкова з’явіцца ў горадзе. „І ворагам беларушчыны, і іх прыхвасням прыйдзецца прыняць гэты факт”, — сказаў на заканчэнне абласны каардынатар руху „За Свабоду”.

belapan.by