Забарона на рыбалоўства ўводзіцца на ўчастках Нёмана і Аўгустоўскага канала



З 15 кастрычніка да 15 красавіка ўводзіцца забарона на аматарскае рыбалоўства на ўчастку Нёмана ў раёне водазабору каўшовага тыпу ААТ „Гродна Азот” каля вёскі Пагараны Гарадзенскага раёна. Пад забарону трапіў участак працягласцю ў 50 метраў ад межаў водапрыёмнага каўша водазабору ўверх і ўніз па цячэнні, а таксама тэрыторыя водазабору.

Акрамя таго, забарона на аматарскае рыбалоўства уведзена на ўчастку Аўгустоўскага канала на адлегласці 350 метраў ад месца яго ўпадзення ў Нёман да дальняга ад ракі краю бетоннага прычала для судоў „Дзмісевічы”. Абмежаванні тут таксама будуць доўжыцца да 15 красавіка.

У выпадку незаконнай здабычы парушальніку пагражае адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь, таксама давядзецца пакрыць нанесеную навакольнаму асяроддзю шкоду. Напрыклад, за адну асобіну судака — 18 базавых велічынь, ляшча або шчупака — 9 базавых. За акуня, плотку або гусцяру прыйдзецца пакрыць 3 базавыя велічыні. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць у Гарадзенскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету па тэлефоне 8 (0152) 52-13-38.

zviazda.by