Забарона на выкарыстанне вады ў Менску знятая
Забарона на выкарыстанне вады ў Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах Менска знятая, паведаміла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.
Спецыялісты Менскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі працягваюць маніторынг якасці і бяспекі пітной вады ў горадзе ў кругласутачным рэжыме, адзначаецца ў паведамленні.
Праблема з якасцю водаправоднай вады ўзнікла ў сталіцы 24 чэрвеня, калі жыхары Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў сталі скардзіцца на з’едлівы пах з водаправода. Выкарыстоўваць ваду было немагчыма. „Менскводаканал” праводзіў прамыванне магістральных сістэм водазабеспячэння.
У той жа дзень Менскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ўзяў пробы вады з сістэмы цэнтралізаванага пітнога водазабеспячэння названых раёнаў. Была ўсталяваная неадпаведнасць пітной вады санітарным нормам, але жыхарам пра гэта стала вядома толькі праз суткі.
У некалькіх раёнах горада быў арганізаваны падвоз вады аўтацыстэрнамі, працягнуты рэжым працы трох пітных фантанаў, якія забяспечваюцца з падземных крыніц. Мясцовыя жыхары былі вымушаныя стаяць па ваду ў доўгіх чэргах.
За суткі хуткая меддапамога выязджала да 15 пацыентаў, якія звязвалі пагаршэнне свайго стану з ужываннем вады.
Генпракуратура паведаміла, што „ў сувязі са шматлікімі зваротамі грамадзян” праводзіцца „праверка выканання заканадаўства аб пітным водазабеспячэнні”.
Праблему з няякаснай вадой гарадскія службы спрабавалі вырашыць на працягу 25 і 26 чэрвеня. Старшыня Менгарвыканкама Анатоль Сівак заявіў, што прычыны праблемы пакуль не ўстаноўленыя.
Паводле слоў кіраўніка горада, зыходзячы з дакладаў службаў, адна з версій звязаная з выкананнем тэхнічных рэгламентаў пасля правядзення работ па замене часткі вадавода. „Для правядзення адпаведных наглядных дзеянняў і ўстанаўлення сапраўдных прычын Менскі гарвыканкам звярнуўся ў пракуратуру”, — сказаў Сівак.
Ён адзначыў, што праблемы з вадой паўсталі ў тых раёнах, куды вада падаецца з паверхневых крыніц. Першыя звароты аб няякаснай вадзе сталі паступаць 24 чэрвеня ад жыхароў Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў, таму што іх тэрыторыя знаходзіцца побач з ачышчальнымі станцыямі. „Да астатніх няякасная вада дайшла пазней, таму што адлегласць далейшая. Гэта мікрараёны чыгуначнага вакзала і частка Курасоўшчыны ў Кастрычніцкім, Няміга — Ціміразева ў Цэнтральным”, — заявіў старшыня Менгарвыканкама.