Забаронена праводзіць самавольнае пахаванне і ўсталёўваць надмагільныя збудаванні



Забаронена праводзіць самавольнае пахаванне і самавольна ўсталёўваць надмагільныя збудаванні. Такія ўказанні прапісала Глыбоцкая жыллёва-камунальная гаспадарка для жыхароў Глыбоччыны. Стэнды з такімі тэкстамі з’яўляюцца на могілках у раёне, нядаўна падобны быў усталяваны на могілках вёскі Мярэцкія Глыбоцкага раёна. На ім размешчаны і прэйскурант коштаў на рытуальныя паслугі ад ЖКГ.

Здавалася, нядрэнная прапанова. Але, па словах жыхароў вёскі, яны сутыкнуліся з наступнай праблемай: за паслугі аплачваеш ЖКГ, а яна не падае паслугу своечасова. Людзям даводзіцца самім вырашаць праблему, тым самым аплачваючы двойчы паслугу.

Дапусцім я згодны з гэтымі тарыфамі, але гэтыя тарыфы калі чалавека хаваюць, выкопваюць яму, прывозяць — гэта нават зручна, але калі чалавека не хаваюць, але патрабуюць заплаціць гэты тарыф — гэта бязмежжа.

Калі яны будуць браць аплату, дык няхай тады навядуць парадак на могліках.

І праўда. Вось пілавалі дрэва, а чаму побач такую сухую пакінулі? Яна зломіць помнікі, хто будзе іх рабіць?

Я хаваў жонку, дык я не мог яе пахаваць, бо начальнік участка Плыгаўка Аляксандра сказала: я не пушчу вас на могілкі, або плаціце грошы ў ЖКГ і тады капайце магілу, або заўтрашні дзень. Яна мне прапануе, ты заплаці ў ЖКГ і хавай сваімі людзьмі. Дык гэта падвойная аплата і не ў кожнага такія грошы ёсць.

Плыгаўка Аляксандра даваць тлумачэнні па дадзенай праблеме не стала. Яна кінула слухаўку, калі ёй было зададзена пытанне наконт забароны на пахаванне. Як бачым, работнікі ЖКГ ігнаруюць не толькі журналістаў, але і простых людзей. Яны адгароджваюцца ад іх стэндамі, шыльдамі, рознымі недарэчнымі распараджэннямі ды плацяжамі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя