Заблакаваныя банкаўскія рахункі прыватнага выдавецтва „Янушкевіч”



Банкаўскія рахункі прыватнага выдавецтва „Янушкевіч” заблакаваныя, паведамляецца на старонцы выдавецтва ў „Фэйсбуку”. „Нашы банкаўскія рахункі заблакаваны — і мы не можам плаціць друкарням, — гаворыцца ў паведамленні. — Праз гэта выхад новых кніг пакуль спыняецца. Але мы па-ранейшаму можам прадаваць свае кнігі”.

15 студзеня ў выдавецтве „Янушкевіч” быў праведзены агляд, канфіскаваныя стацыянарны камп’ютар і ноўтбукі.

Заснавальніка выдавецтва Андрэя Янушкевіча дапыталі ў дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Ён быў адпушчаны ўвечары таго ж дня, з яго ўзялі падпіску аб неразгалошванні. У той жа дзень у ДФР КДК дапыталі кнігараспаўсюдніка Алеся Яўдаху. З яго таксама ўзялі падпіску аб неразгалошванні. З яго кватэры канфіскавалі тэлефон, ноўтбук і шэраг кніг.

14 студзеня ў Менску затрымлівалі дырэктара прыватнага выдавецтва „Кнігазбор” Генадзя Вінярскага і дызайнера Анатоля Лазара. У абодвух канфіскавалі тэхніку. Увечары таго ж дня пасля допыту яны былі адпушчаныя на волю пад падпіску аб неразгалошванні матэрыялаў крымінальных спраў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: vitebsk.cc