Забыты Герой Савецкага Саюза



Сёлета ў ліпені споўнілася 120 гадоў з дня нараджэнне Героя Савецкага Саюза беларуса Барыса Пішчыкевіча (1899-1974), які быў родам з вёскі Сасноўка Слонімскага раёна.

Барыс Пішчыкевіч прымаў удзел у некалькіх войнах. У гады Другой сусветнай вайны беларус удзельнічаў у пераправе на правы бераг Дняпра ў раёне пасёлка Радунь і далейшых баях за плацдарм, прымаў удзел у вызваленні Беларусі і ў баях на тэрыторыі Германіі. У 1943 годзе яму было прысвоена званне Герой Савецкага Саюза.

У 1946 годзе Барыс Пішчыкевіч у званні падпалкоўніка пайшоў у запас, жыў у Маскве, працаваў на прафсаюзнай рабоце. Памёр у 1974 годзе. Пахаваны ў Маскве на Ваганькаўскіх могілках. Пры жыцці Барыс Тарасавіч вельмі часта бываў на сваёй Радзіме. Дапамагаў людзям, вырашаў розныя жыццёвыя праблемы і пытанні сваіх землякоў. Дзякуючы яму ў роднай вёсцы Сасноўка была пабудавана сярэдняя школа. Ён сачыў за будаўніцтвам, у той час “выбіваў” на яе сродкі. А калі Барыса Пішчыкевіча не стала, яго родная школа стала насіць яго імя, а на сценах будынку была прымацавана мемарыяльная шыльда. Цяпер і школы ў Сасноўцы няма, і шыльда даўно знята з яе сцен, ды і прозвішча Барыса Пішчыкевіча забыта.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён

Фота з архіва аўтара