Закона няма — плаціць абавязаны



Упраўленне ўнутраных спраў Берасцейскага абласнога выканаўчага камітэта не бачыць падстаў для адмены заключэння дамовы з міліцыяй на абслугоўванне пікетаў у Бярозе. Бо так вырашыў Бярозаўскі раённы выканаўчы камітэт. А міліцыя, як адзін з органаў райвыканкама, ўсяго толькі выконвае рашэнне. Хаця закона па заключэнні дамоваў з фізічнымі асобамі няма.

У Берасці гарадскі выканаўчы камітэт не патрабуе заключэння дамоў з міліцыяй ужо два гады, кажа праваабаронца праваабарончага цэнтра «Вясна» Сяржук Русецкі:

— Тое, што з нас бяруць за паслугі абслугоўвання міліцыяй у час правядзення пікетаў па прэйскуранту, зацверджаным для юрыдычных асоб, на наш погляд неправамерна, паколькі мы падавалі заявы як фізічныя асобы. Ужо на працягу некалькіх гадоў Берасцейскі гарвыканкам не патрабуе заключэння дамоў на абслугоўванне міліцыяй масавых мерапрыемстваў, якія праводзяць грамадзяне.

Паводле Сяржука Русецкага, бярозаўскія праваабаронцы пацікавіліся ў кіраўніка ўпраўлення ўнутраных спраў, чаму ў Берасцейскай вобласці такая розная правапрымяняльная практыка.  Адмоўны адказ будзе абскарджаны.

Беларускае Радыё Рацыя