Закрыццё фермы „Сухое” ў Іванаўскім раёне – пытанне палітычнае? Чаму?



У Іванаўскім раёне маланкава знішчаецца ферма “Сухое”. З 45 тысяч свіней за 2 тыдні засталося 17 тысяч маладняка. Дарослыя ліхаманкава вывезліся на Бярозаўскі і Пінскія мясакамбінаты, а парасяты – на звераферму.

Людзям прыказалі маўчаць. А калі абураліся – адразу шукалі зачыншчыка. Антыкрызісны дырэктар Аляксандр Сініла, прысланы ў сакавіку, былы дырэктар Івацэвіцкай дзіцяча-юнацкай спартовай школы 29 –га на сходзе цвёрда заявіў: ферме не быць. Падзенне фермы пачалося з 2006 года, калі паядналі з Драгічынскім камбікормавым, кажуць работнікі фермы:

– За гэты час з 2006 года па 2018 ў нас памянялася 11 кіраўнікоў. Некаторыя з іх вярталіся па 3 разы. Адзін сядзіць. Комплекс перастаў даваць вынікі, стаў убытачным.

– Толькі першыя пяць гадоў яшчэ куды ні шло.

– Грошай у рэканструкцыю ніхто не ўкладваў. Свінакомплекс ішоў на дно.І на паліва, і на медыкаменты, і на ўсё астатняе грошы патрэбна было прасіць у камбікормавага. Але яны ўжо два гады не рабілі, рабочых не звальнялі. А паўтары гады Дарагічынскі камбікормавы завод у нашым жыцці не ўдзельнічае зусім. Камбікорм мы вазілі з Пінску. З сакавіка ў нас антыкрызісны дырэктар Аляксандр Сініла.

– Ён раней працаваў дырэктарам Івацэвіцкай дзіцяча-спартовай школы. Што ён можа разбірацца ў свіннях? Хто і для чаго яго да нас прыслаў?

– Ён павінен нас вывесці з крызісу прадпрыемства наша ці толькі камбікормавы завод – мы не ведаем.

РР: Чаму сталі вырэзваць свіней?

– Мы не ведаем. Нам ніхто не паясняе. Хракоў усыпілі, вывезлі. Маткавае пагалоўе ужо выбілі. Сасуноў выбіваюць.

РР: Куды вывозяць?

– На звераферму. Кажуць, што нейкае інфекцыйнае захворванне.

– Канкрэтна не гавораць, якое захворванне ў свіней. Гэта вялікі сакрэт. Але аб’явілі, што афрыканскай чумы няма.

– Свінні праз некалькі дзён парасіцца, яны адпраўляюць на мясакамбінат. Калхіды з мясакамбінатаў Бярозы і Пінска прыходзяць. Было, што свінні парасіліся прама на машынах гэтых.

РР: Ваша ферма наогул з якога года?

– З 82-га.

Рэканструкцыя была хоць раз?

– Грошы на гэта выдзяляліся вялікія. Але куды зніклі ніхто не ведае. Вакны і дзверы некаторыя заклалі старымі блокамі – вось і ўся рэкантрукцыя.

– У нас і так аміяк невыносны, а нам яшчэ залажылі вокны. Вось гэта называлася рэканструкцыя.

– Мяне адправілі за свой кошт па сямейна-бытавых праблемах. Я спытала, што гэта за праблемы? Можа, гэта ў вас праблемы? Яны сказалі, мы не ведаем. Гэта вашы праблемы.

– Мы ўсе разумеем, што мы застаемся без працы. Што нам штосьці трэба рабіць. Калі ў суботу прыехала камісія, і мы пачалі задаваць пытанні, куды мы падзенемся, такая колькасць людзей, нам адказалі, што працаўладкуюць у калгасы. Якія калгасы? Мы, напрыклад, хто жыве ў вёсцы Сухое, адносімся да калгаса “Баравіца”. Але калгас “Баравіца” аб’яўлены банкротам. Усе просім, каб была аказана дапамога, каб наш комплекс неяк захаваць.

– Закрываюць раты. Не даюць, каб мы куды паскардзіліся.

– Нам яшчэ кажуць, што комплекс наш самы стары. Белавежскі таксама самы стары. Але, калі там гаспадар, зрабілі рэканструкцыю, комплекс квітнее. Нам кажуць, што мы убыткавыя.

– Таму што на нашай шыі вісіць камбікормавы завод Дарагічынскі.

– Усе сокі выцягнуў Дарагічын з нас.

– Людзі працавалі, пакрываліся свінні. Яны выразалі глыбока супарасных свінаматак, якія на машынах парасіліся. Канешне, гэта ўбыткі. Антыкрызісны сказаў нам у суботу: комплексу не быць. А куды нам падзецца? За свінакомплксам наш пасёлак. На пасёлку мы жывем у арэндным жытле. Я прыватызавала, мне таксама чымсьці плаціць трэба. Дзеці вучацца, крэдыты плацім. Мы павінны плаціць штосьці дзяржаве. Але чым мы будзем плаціць? Камунальныя паслугі чым мы будзем плаціць? Дамы прыватызаваць далі па вялізнай цане. Таму што дакументы ўсе прапалі. Як гэта зразумець? Дом пабудовы 57 года ставяць 0 % зносу, ацэнка па рынкаваму кошту. Дзеці правучыліся 2 гады. А 2 гады чым плаціць? Куды нам пайсці? У калгасе нашым патрэбна 60 звольніць, каб 60 узяць.

– Наш працоўны калектыў у асноўным жаночы. Шмат жанчын перадпенсійнага ўзросту. Нам кажуць, што патрэбны механізатары. Ну хто з нас механізатар. Чалавек з раёна па працаўладкаванню кажа, што ў раёне ёсць 150 працоўных месцаў. Як мы паедзем з дому ў далёкія іншыя вёскі ці яшчэ куды-небудзь. Як пакінуць дамы і дзяцей. А працоўныя месцы з мізэрнымі заробкамі. Вольных месцаў працоўных з вялікімі заробкамі зараз не знойдзеш.

– Я звярталася да міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніду Зайцу. Ён спытаў: з вамі работу праводзілі? 29-га нас сабралі і паведамілі, што прыйшлі аналізы, свінні здаровы.

– Але гэта палітычнае пытанне. Міністр сказаў, што будуць старацца нечым дапамагчы.

А хто сказаў, што гэта палітычнае пытанне?

– З раённай ветлячэбніцы таварыш, які курыруе нашу ферму.

– Сказаў, што хочаце, тое і рабіце, усё роўна комплес закрыюць. Куды хочаце, туды звяртайцеся.

– З 11 чэрвеня ў нас быў двухтыднёвы карантын. І два тыдні наша пагалоўе выжывала. Нават дзіўна: без ежы, без лячэння.

– Яны выюць дзікімі галасамі, у вочы глядзяць, хоць сама кладзіся ў карыта.

– І мору няма. А ім патрэбна, каб мор быў. У нас не было мору масавага.

– Хацелі мы зняць, як адгружалі хвілін 10 таму свіней на машыны на Бярозаўскі мясакамбінат. Шкада, што не было чым зняць. Стала машына, пад’ехаў вазок з загружанымі свінаматкамі. Гэта ўсё перагналі без вагі, без дакументаў на машыну. Калі сказалі, што едуць журналісты, машына рванула ў лес.

– Бездапаможныя засталіся мы. Ніхто нічым не дапамагае. Ні работы, нічога.

– Мне застаўся год да пенсіі. Куды мне пайсці, хто мяне куды возьме? Мы прарабілі па 30 гадоў тут. Усё здароўе аддалі. А цяпер нас выкідаюць. Мы нікому не патрэбны, проста катастрофа.

– У нас у раёне нічога новага не адкрылі.

– Усё закрываецца і куды людзям ісці, такая маса людзей.

Датэлефанавацца да міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца не ўдалося. Усё міністэрства адпачывае на доўгіх выходных, сказалі ў прыёмнай міністра. Антыкрызісны ўпраўляючы Аляксандр Сініла ад тэлефоннай размовы ўхіліўся.

Беларускае Радыё Рацыя