Залатым медалістам «Брэнда года-2016» стаў мабільны аператар Velcom



У Беларусі выбралі сацыяльнаадказныя брэнды. Залатым медалістам «Брэнда года-2016» у аднайменнай намінацыі стаў мабільны аператар Velcom за папулярызацыю беларускай мовы і дапамогу дзецям.

“Кампаніі прысвоілі залаты медаль «Брэнда года» за сацыяльна актыўную пазіцыю, якая знайшла адлюстраванне ў папулярызацыі беларускай мовы і дабрачыннай дапамозе дзецям”, – паведаміў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый Вячаслаў Смірноў:

– Рэалізуецца цэлы шэраг падтрымкі беларускай культуры, беларускай спадчыны, беларускай мовы. Мы пачалі нядаўна рэалізоўваць праект MOVABOX – гэта папулярызацыя кніг беларускіх сучасных аўтараў. Таксама даволі даўно, каля года, рэалізуецца праект “Чытаем па-беларуску з velcom” і мы прыходзім у школы з аўтарамі беларускай літаратуры, якія пішуць для дзяцей, і яны праводзяць там інтэрактыўныя ўрокі. Увогуле кампанія Velcom уважае гэтую тэму – падтрымкі нацыянальнай культуры, літаратуры, мовы – як важнейшы напрамак сваёй сацыяльнай палітыкі.

Як запэўніў Вячаслаў Смірноў, кампанія і сёлета працягне праекты ў падтрымку беларускай мовы і культуры. Velcom у прыватнасці будзе аказваць падтрымку Юрыю Жыгамонту і яго краязнаўчай перадачы «Падарожжы дылетанта», якія цяпер будуць выходзіць на партале tut.by

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя