Замах на жыццё сілавіка прапануецца караць пажыццёвым пазбаўленнем свабоды



Праект зменаў у Крымінальны кодэкс прапануе ўзмацненне жорсткасці пакарання за замах на жыццё супрацоўніка праваахоўнага органа ці вайскоўца (артыкул 362). Такія дзеянні прапануецца караць пазбаўленнем волі на тэрмін ад 15 да 25 гадоў або пажыццёвым пазбаўленнем свабоды.

Артыкул 369 «Абраза прадстаўніка ўлады, дыскрэдытацыя органаў дзяржаўнай улады і кіравання» прапануецца выкласці ў такім выглядзе:

«Абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, дыскрэдытацыя органаў дзяржаўнай улады і кіравання, учыненыя ў публічным выступе, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў сродках масавай інфармацыі, альбо ў інфармацыі, размешчанай у глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт, караюцца штрафам, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў са штрафам, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін са штрафам».

Таксама прапануецца ўвесці артыкул 369-1 «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь». У ёй, у прыватнасці, гаворыцца, што «распаўсюд інфармацыі ў непрыстойнай форме, якая выказвае відавочную непавагу да беларускага народа і Рэспублікі Беларусь, здзейснены ў публічным выступе альбо ў інфармацыі, у тым іліку размешчанай у Інтэрнэце, караецца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін».

Наўмысны распаўсюд у любой форме загадзя ілжывых звестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным ці міжнародным становішчы Беларусі прапануецца караць арыштам або пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя