Замест адказу – чарговая адпіска



Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў атрымаў уведамленне з пракуратуры Магілёўскай вобласці за подпісам першага намесніка пракурора Алега Пімашкова. У лісце паведамляецца, што зварот палітыка пра парушэнні заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб у Шклоўскім раённым выканаўчым камітэтэце накіраваны для разгляду пракурору Дзмітрыю Лянчэўскаму. Рыгор Кастусёў выказвае меркаванне, што супрацоўнікі пракуратуры Магілёўскай вобласці проста ўхіліліся ад канкрэтнай рэакцыі на яго скаргу.

– Самае цікавае, што я ім паведамляў, што я ўжо звяртаўся па гэтым факце да шклоўскага пракурора, але ён адрэагаваў на мой зварот адпіскай. Мой зварот да шклоўскага пракурора перанакіраваны ў Шклоўскі райвыканкам, г.зн., той арганізацыі і тым чыноўнікам, на якіх я скарджуся. Зноўку пусцілі мой зварот па адным і тым жа коле.

Рыгор Кастусёў у пачатку верасня накіраваў скаргу на імя пракурора Магілёўскай вобласці. У сваёй скарзе намеснік старшыні Партыі БНФ, які стала пражывае ў Шклове, прасіў прыняць меры да парушальнікаў заканадаўства ў пытаннях працы са зваротамі грамадзян. Падставай для напісання скаргі паслужыла тое, што ў парушэнне закона аб зваротах грамадзян шклоўскія чыноўнікі не давалі Рыгору Кастусёву абгрунтаваныя адказы на яго звароты ва ўстаноўленыя законам тэрміны.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота narodny.org