Замест свята касцоў адбыўся “праздник косарей”



У вёсцы Вензавец Дзятлаўскага раёна ў рамках раённага сельскагаспадарчага праекта “Дбайных гаспадароў славім – весела час бавім” адбылося раённае свята касцоў. Але замест беларускага свята касцоў ля галоўнай сцэны мерапрыемства здалёк вяскоўцаў і гасцей вітаў надпіс “Праздник косарей”. Некаторыя вяскоўцы нават пыталіся: “А хто такія касары?” І, сапраўды, няўжо на Дзятлаўшчыне ці дзе яшчэ на Беларусі людзі кажуць касары? Заўсёды беларусы казалі і кажуць: касцы. Прыгадваюцца радкі Якуба Коласа з паэмы “Новая зямля”:

        Ідуць касцы, звіняць іх косы,          Вітаюць іх буйныя росы,          А краскі ніжай гнуць галовы,          Пачуўшы косак звон сталёвы.          Касцы ідуць то грамадою,          То шнурам цягнуць, чарадою,          То паасобку, то па пары;          Ідуць касцы, ідуць, як хмары

Але свята касцоў у Вензаўцы прайшло весела і цікава. Асабліва ўсім спадабаўся конкурс прафесійнага майстэрства “Касец-2017”, у якім спаборнічалі мужчыны на лепшых касцоў. А жанчыны і дзяўчаты скошаную траву зграбалі і складвалі ў копкі. Пераможцы атрымалі прызы.

На свяце касцоў гучалі яшчэ песні, адбываліся конкурсы па дэгустацыі страваў, характэрных для сенакосу, працавалі дзіцячыя атракцыёны і гандлёвыя кропкі.

Валянціна Рагозік, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён

Фота аўтаркі