Запрацавала адзіная ў Беларусі анлайн-кармушка



Адзіная ў Беларусі анлайн-кармушка для птушак, на якую штогод дзівяцца тысячы карыстальнікаў інтэрнэта, сёлета ізноў запрацавала. Колькасць праглядаў перавысіла паўтары тысячы.

Кармушка знаходзіцца на ўзмежжы Белавежскай пушчы, ля вёскі Вугляны. Такія назіранні даюць многа новай інфармацыі пра жыццё птушак не толькі аматарам прыроды, але і адмыслоўцам, якія назіраюць іх паводзіны. Кажа арнітолаг Дзмітрый Вінчэўскі:

– Прылятае самец вялікай сініцы, час ад часу есць у сталоўцы. Ужо цёмна робіцца, наступае паволі ноч, а ён там сядзіць, назірае  за захадам ці невядома чым ён там сапраўды займаецца. Але выглядае гэта вельмі цікава, вельмі прыгожа і дзіўна. Не зусім біялагічна, а хутчэй рамантычна. Большасць шукаюць месца для начлегу, а вось гэты самец паводзіць сябе такім дзіўным  чынам.

Паглядзець трансляцыю можна на сайце „Птушкі штодня”, дзе можна знайсці спасылку на магчымасці аказання дапамогі гэтаму ўнікальнаму ў Беларусі праекту https://birdwatch.by/stalouka-2020.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя