Заснулі ў Паддубцах, а прачнуліся ў Панізоўі



Так распавядаюць пра перайменаванне сваёй вёскі жыхары населенага пункта пад Воршай. Вёска Паддубцы, пад якой у 30-я гады бальшавікі расстрэльвалі людзей, цяпер афіцыйна носіць назву Панізоўе. Гэта ўтварае блытаніну з прыездам хуткай дапамогі, якая часта неабходная ў вёсцы, дзе жывуць адно пенсіянеры. Кажа жыхарка Паддубцаў спадарыня Берта:

Паддубцы. Мы прывыклі ўжо. Як выклікаем хуткую дапамогу, то ў Паддубцы, і хуткая ведае ўжо, куды ехаць. А цяпер Панізоўе. Пакуль хуткая знойдзе, чалавек памрэ. Яны пасля тэлефануюць і пытаюцца, дзе нас знайсці. Я кажу, што ў Панізоўі. А яны кажуць, што яны ўжо стаяць у Панізоўі. А я ім адказваю, каб ва ўладаў запыталі, дзе наша Панізоўе. Такая блытаніна ў нас. Таму кажам: калі будзеце шукаць Панізоўе і не знойдзеце, то ведаеце, дзе Паддубцы? Так, ведаем. То мы ў Паддубцах.

Некалькі тыдняў таму на ўездзе ў вёску нарэшце паставілі дарожны ўказальнік з цяперашняй назвай. Цяпер пра старую назву вёскі – Паддубцы – нагадвае назва яе галоўнай вуліцы – Паддубская.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Паддубцы, Аршанскі раён

Фота аўтара