Затрыманні актывістаў
Актывісты збіраліся ехаць у Менск на акцыю з патрабаваннем сумленных выбараў. На выездзе з Ліды былі затрыманыя Вітольд Ашурак і Валеры Мінец, якія балатаваліся ў Палату прадстаўнікоў (першы – па Дзятлаўскай акрузе, другі – па 49-ай Гарадзенскай-Занёманскай). Актывісты накіроўваліся ў Менск, аднак іх спыніла ДАІ, і заявіла, што нібыта тэхпашпарт на машыну не сапраўдны. Прысутнічаў сам начальнік ДАІ. Як нам расказаў Валеры Мінец, яны цяпер знаходзяцца ў Лідскім РАУСе:
– Па чарзе кожнага апрошваюць, удакладняюць нібыта дадзеныя, хоць у кожнага з нас ёсць пашпарты. Цягнуць час, каб мы не паспелі. Прысутнічаў сам начальнік ДАІ Швакель.
У той жа час гомельскага актывіста Уладзіміра Няпомняшчых, які вядомы сваёй майкай “За Беларусь без ЛУкашэнкі”, затрымалі на вакзале. Падрабязнасці – у нашай карэспандэнткі Юліі Сівец:
– Палітык Уладзімір Няпомняшчых збіраўся ехаць у Менск, каб паўдзельнічаць у акцыі пратэсту 12-га верасня, а таксама накіраваць скаргу ў ЦВК, паколькі напярэдадні працаваў назіральнікам на выбарчым участку і зафіксаваў парушэнне. Аднак яго затрымалі супрацоўнікі АМАПу. На актывіста склалі пратакол аб непадпарадкаванні праваахоўным органам і пратрымалі ў пастарунку Чыгуначнага раёна. На дадзены момант Уладзіміра Няпомняшчых адпусцілі, але на мірную акцыю пратэсту ў Менск актывіст ужо не здолее паспець.
У Кобрыні давераную асобу кандыдата па выбарах у Палату прадстаўнікоў Алеся Меха – Рыгора Грыка знайшла Кобрыньская міліцыя, каб даў тлумачэнні наконт перадвыбарчых пікетаў. Зараз абодва знаходзяцца ў Кобрыньскім раённым аддзеле міліцыі, кажа Алесь Мех:
– Калі я пад’ехаў да банка, каб высветліць, што з маім выбарчым фондам, мая давераная асоба Рыгор Грык быў у машыне. Калі я вяртаўся з банка, то пабачыў, што да Рыгора Грыка падыйшоў падпалкоўнік міліцыі Кулік Генадзь Сцяпанавіч, і патрабуе ад яго тлумачэнняў наконт тых пікетаў, што ён ладзіў.
Першы намеснік начальніка Кобрыньскага РАУС, начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Кулік пракаментаваў сітуацыю нейтральна і незразумела:
– Што значыць затрымалі? Ніхто нікога не затрымліваў. Папрасілі прайсці ў райаддзел для таго, каб даць тлумачэнні па адным пытанні.
РР: Па якім?
Генадзь Кулік: Вы ў яго спытаеце. Я не кампетэнтны казаць, па якім пытанні.
РР: І ў чым яго віна?
Генадзь Кулік: Вы гэта спытаеце ў яго. Ёсць разуменне таго, што можна казаць і што нельга казаць. Можа чалавек не захоча, каб гэта было агучана. Можа яшчэ якія моманты. Навошта я буду шукаць сабе прыгодаў.
На дадзены момант Грыка адпусцілі пад сумленнае слова на абед. Рыгор Грык і Алесь Мех кажуць, што выдатна разумеюць, што міліцыя зацягвае час, каб не пусціць іх у Менск на акцыю.
Беларускае Радыё Рацыя
