Затрымалі менчукоў, якія кінулі ў будынак міліцыі кактэйль Молатава



Сталічныя аператыўнікі пры сілавой падтрымцы „Алмаза”, а таксама САХР унутраных войскаў МУС затрымалі групу асоб па падазрэнні ў замаху на ўчыненне акта тэрарызму.

Сёлета 6 жніўня ў 01:18 супрацоўнікі ГАМ-2 Фрунзенскага РУУС Менска ў момант абходу прылеглай тэрыторыі знайшлі палаючы прадмет. Міліцыянеры аператыўна патушылі ўзгаранне і выклікалі следча-аператыўную групу, паведамляе ведамства.

Падчас агляду месца здарэння канфіскаваны фрагменты шкляной бутэлькі і сляды хімічных рэчываў. Па заключэнні экспертаў у ёмістасці знаходзіўся бензін. Акрамя таго, знойдзены прадукты гарэння састаўных рэчываў піратэхнічных вырабаў.

Паводле МУС, у склад злачыннай групы ўваходзілі не менш як 5 чалавек, у тым ліку неаднаразова судзімыя. «Яны ставілі за мэту падпалы адміністрацыйных будынкаў, службовых і асабістых аўтамабіляў супрацоўнікаў міліцыі для дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне і дэзарганізацыі працы органаў улады.

Падазраваныя з’яўляліся актыўнымі ўдзельнікамі аднаго з дэструктыўных Telegram-каналаў, свае акцыі здымалі на відэа, за што атрымлівалі грашовую ўзнагароду. Да злачынстваў рыхтаваліся старанна — праводзілі рэкагнасцыроўку, назіралі за аб’ектамі, прымалі меры канспірацыі», — паведамляецца ў тэлеграм-канале міністэрства.

Упраўленне Следчага камітэта па Менску ў дачыненні да ўдзельнікаў групы пачало крымінальную справу па ч.1 арт.14, ч.2 арт.289 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (замах на ўчыненне акта тэрарызму). Затрыманым пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.