Затрымалі Змітра Дашкевіча і яшчэ двух маладафронтаўцаў (абноўлена)



Лідар маладафронтаўцаў Зміцер Дашкевіч, імаверна, знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Пра гэта напісала ў Фэйсбуку яго жонка Наста. Знайсці Дашкевіча ўдалося дзякуючы сацыяльным сеткам. Наста напісала пост у Фэйсбук, што не ведае, што рабіць з машынай: пасля затрымання мужа ў яе не было ключоў ад аўто. Пасля гэтага ёй патэлефанавалі з КДБ і паведамілі, што аддадуць ключы ад машыны.

Пакуль Наста Дашкевіч высвятляла месцазнаходжанне мужа, у іх дома прайшоў ператрус. 

* * *

Хваля затрыманняў у Менску працягваецца. Увечары 22 сакавіка ў двары па вуліцы Карла Маркса былі гвалтоўна схоплены лідар „Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч і яшчэ два актывісты арганізацыі: Арцём Леўчанка і Сяргей Пальчэўскі.

На месцы, дзе гэта адбылося, жонка  Дашкевіч і яшчэ некалькі родных раней затрыманых правялі імправізаваную прэс-канферэнцыю.

Па словах Насты Дашкевіч, яе муж і Арцём Леўчанка прыехалі на кватэру пісьменніка Ўладзіміра Арлова, каб змантаваць там мэблю, – гэтай працай Зміцер займаецца як прадпрымальнік. У кватэры знаходзілася толькі жонка пісьменніка, сам ён з’ехаў ў камандзіроўку:

– Хлопцы замовілі ежу, але замест ежы да іх прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, якія ў жорсткай форме выбілі дзверы на кухні і затрымалі хлопцаў. Сяргей Пальчэўскі на машыне прыехаў да нас дахаты па інструменты, якіх не хапала. Хутчэй за ўсё, Сяргея гвалтам выцягвалі з машыны, разбівалі шкло.

Па словах Насты Дашкевіч, дзе зараз знаходзяцца затрыманыя, дакладна невядома. Раней паступала інфармацыя, что іх завезлі ў міліцыю Ленінскага раёну. Наста Дашкевіч пасля прэсавай канферэнцыі накіравалася ва ўправу міліцыі гэтага раёну, каб высветліць лёс мужа і іншых маладафронтаўцаў. 

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск