Затрыманай „за Крым” актывістцы не аддаюць ноўтбук



Вольга Крапоціна з Гародні атрымала фармальны адказ на свой зварот з упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама. У ім гаворыцца, што канфіскаваная ў яе міліцыяй 19 верасня друкаваная прадукцыя накіравана на экспертызу, справа аб адміністрацыйным правапарушэнні пакуль прыпынена.

Аднак у афіцыйным лісце зусім не згадваецца пра канфіскаваны ў пакоі Крапоцінай падчас так званага агляду памяшкання ноўтбук яе суседкі. У сваім ранейшым звароце Крапоціна прасіла вярнуць гэты беспадстаўна канфіскаваны камп’ютар, піша сайт праваабарончага цэнтра „Вясна”.

19-га верасня міліцыя затрымала Вольгу Крапоціну ў цэнтры горада і забрала ў яе 17 улётак з тэкстам „Вярніце Крым! Рукі прэч ад Украіны” і „Ганьба здраднікам Радзімы з „трыкалорам” у зубах. Пуцін вам далонь пацісне, як падыме на штыках”. Крапоціну тады трымалі некалькі гадзін у РАУС, а потым па месцы яе жыхарства правялі ператрус.