Затрыманая кіраўнік турагенцтва „Каліпса Тур”



Паводле падазрэння ў здзяйсненні махлярства ў асабліва буйным памеры ў Менску затрыманая кіраўнік ТАА „Каліпса Тур”. Справа распачатая на падставе ч. 4 арт. 209 КК паводле матэрыялаў Кастрычніцкага РУУС Менска, паведаміла вечарам 27 ліпеня ў сацыяльнай сетцы Facebook афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова.

Згодна з папярэдняй інфармацыяй, у выніку маніпуляцый з продажам тураў кіраўнік завалодала грашыма грамадзян. Цяпер з затрыманай працуюць сталічныя следчыя, напісала Ганчарова.

У пачатку ліпеня ў Кастрычніцкае РУУС Мінска звярнуліся грамадзяне з заявамі аб тым, што ТАА „Каліпса Тур” і ІП Борзды Е. Г. аказваюць няякасныя турыстычныя паслугі ў выглядзе продажу пуцёвак у Іспанію, Грэцыю, Егіпет, Турцыю, Чэхію, Балгарыю і на Кіпр . Зафіксаваныя выпадкі неаказання гэтых паслуг. У міліцыі было зарэгістравана не менш як 70 заяў. Пацярпелыя сцвярджалі, што за туры была ўнесеная перадаплата, але паездкі не адбыліся. Людзі ўпэўненыя, што іх падманулі, патрабуюць вяртання грошай.

18 ліпеня дырэктар туркампаніі Юлія Антаневіч заявіла ў інтэрв’ю тэлеканалу „Беларусь 1”: „Так склалася, што людзі прыйшлі ў адзін і той жа час, узнялі шум. На наступны дзень у нас у офісе сабраліся прыкладна 20 чалавек, якія захацелі скасаваць дагаворы. Натуральна , скасаваць дамову і выплаціць грошы ў адну секунду мы не можам. Таму мы і сказалі, што нічога не можам зрабіць, звяртайцеся ў міліцыю. Вось людзі і пачалі 5 і 6 ліпеня падаваць заявы. У далейшым усе нашы заяўкі былі ануляваныя, цяпер ад нас ніхто вылятаць не можа”.

belapan.com