Затрыманая менеджар ГА „Радзіслава” Вольга Гарбунова



Паводле падазрэння ў кіраванні леташнімі „жаночымі маршамі” затрыманая 40-гадовы менеджар грамадскага аб’яднання „Радзіслава” Вольга Гарбунова, вынікае з паведамлення прэс-службы МУС.

„Жанчына працуе менеджарам у грамадскім аб’яднанні для асоб, якія пацярпелі ад дамашняга гватлу. У жніўні і верасні мінулага года яна кіравала так званымі жаночымі маршамі ў сталіцы. Пры гэтым сама выходзіла на праезную частку, перакрываючы дарожны трафік”, — сцвярджаецца ў прэс-рэлізе.

Гарбунова „прызнаная падазронай па крымінальнай справе, распачатай за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх”. Яна „правяраецца на дачыненне да іншых злачынстваў пратэснай скіраванасці, у тым ліку з выкарыстаннем службовага становішча”.

У кароткім міліцэйскім відэазапісе Гарбунова адмаўляе свой удзел у масавых беспарадках.

Грамадскае аб’яднанне „Радзіслава” створанае ў 2002 годзе „жанчынамі, якія пацярпелі ад гвалту, для аказання дапамогі іншым жанчынам, што трапілі ў такую ж сітуацыю”. Гарбунова кіравала аб’яднаннем у 2006-2016 гадах.

Фота: 34mag.net