Затрыманая жонка ўладальніка крамы „Мой модны кут”
У Менску затрыманая жонка ўладальніка крамы рэчаў з нацыянальнай сімволікай „Мой модны кут” Алена Есіпёнак.
Як паведаміў БелаПАН яе муж Валер Есіпёнак, сёння каля 15 гадзін у краму прыйшлі два супрацоўнікі міліцыі і павезлі Алену з сабой, як мяркуецца, у Савецкае РУУС. Яе тэлефон адключаны, прадпрымальнік шукае адваката для жонкі.
На пытанне, што стала падставай для затрымання Алены, Валерый адказаў: „Яна была ў краме адна. Сказалі, што трэба праехаць. Чаму? За продаж незарэгістраванай сімволікі, якую ўчора амаль усю канфіскаваў АБЭЗ”.
Паводле слоў Есіпёнка, 25 студзеня ў краму з праверкай прыйшлі прадстаўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Мінгарвыканкама і інш. „МНС дало нам сёння папрацаваць апошні дзень — выявілі нейкія недахопы і прыпынілі дзейнасць да іх ліквідацыі”, — адзначыў прадпрымальнік.
Крама „Мой модны кут” прадае вопратку, галаўныя ўборы, упрыгожванні, посуд, канцтавары, сувеніры і многае іншае ў нацыянальным стылі, з традыцыйнымі беларускімі прынтамі і надпісамі, у тым ліку з гербам „Пагоня”. Крама зарэгістраваная ў Мінгарвыканкаме ў 2013 годзе, размяшчаецца ў гандлёвым цэнтры „Маскоўска-Венскі” на праспекце Незалежнасці. З 2018 года працуе таксама анлайн.
