Беларусаў у Катыні сустрэлі паліцэйскія і камуністы



У мемарыяле „Катынь” пад Смаленскам расейскія паліцыянты і амапаўцы затрымалі журналістаў «Белсату» Любоў Лунёву і Алеся Сіліча.

Пасля праверкі дакументаў журналістаў адпусцілі.

Там яны асвятлялі візіт дэлегацыі прадстаўнікоў беларускіх апазіцыйных партыяў і рухаў у Катыньскі мемарыял.

Як паведаміў прэс-сакратар „Беларускай асацыяцыі журналістаў” Барыс Гарэцкі, такое затрыманне беларускіх журналістаў падчас візітаў у Катынь здарылася ўпершыню.:

– Увесь дзень гэтую групу суправаджалі супрацоўнікі АМАПу. І на выхадзе з Катыньскага лесу да журналістаў падышлі паліцыянты, праверылі дакументы. Пасля сказалі праехаць разам з імі ў Смаленскую міліцыю. Але цяпер яны гэтае рашэнне адмянілі і журналісты пакуль затрыманыя і разам з паліцыяй у Катыні чакаюць нейкага паліцэйскага начальства для далейшага разбіральніцтва.

„Беларуская асацыяцыя журналістаў” звязалася з аддзяленнем амбасады Рэспублікі Беларусь ў Расейскай Федэрацыі ў горадзе Смаленску, прадстаўнікі якой паабяцалі адрэагаваць на затрыманне.

Беларуская дэлегацыя з 50 чалавек у Дзень барацьбы са сталінізмам і нацызмам, які адзначаецца ў Еўропе, наведала  мемарыял „Катынь” пад Смаленскам. Паездку арганізавалі Рух „За свабоду” і Рух салідарнасці „Разам”. У складзе дэлегацыі таксама ёсць прадстаўнікі Партыі БНФ і БХД.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Яўген Батура