Затрыманні напярэдадні «Маршу абураных беларусаў 2.0»



Актывіст прафсаюза РЭП Рыгор Грык затрыманы раніцай ў Баранавічах. Актывіста затрымалі на пероне вакзала перад пасадкай у цягнік, на якім Грык планаваў ехаць у Менск, дзе сёння ў 14 гадзін павінна пачацца акцыя пратэсту «Марш абураных беларусаў 2.0». Затрыманне праводзілі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным.

Раней ў Маладэчне быў затрыманы старшыня Менскай абласной арганізацыі БСДП Аляксандр Абрамовіч. Ён ехаў у Менск для ўдзелу ў акцыі пратэсту «Марш абураных беларусаў 2.0». Як паведамляе праваабарончы сайт „Вясна”, міліцыянты паведамілі яму, што ён парушыў правілы дарожнага руху — перайшоў дарогу ў неналежным месцы. Абрамовіча адвезлі ў Маладэчанскі псіханеўралагічны інтэрнат, каб праверыць, ці не знаходзіцца ён у стане алкагольнага ап’янення.

Акцыя «Марш абураных беларусаў 2.0» ініцыяваная Беларускім нацыянальным кангрэсам і павінна пачацца сёння ў 14:00. Збор удзельнікаў абвешчаны на Кастрычніцкай плошчы. Арганізатары акцыі апавясцілі Менгарвыканкам аб яе правядзенні. Як напісаў у «Фэйсбуку» адзін з лідэраў БНК Мікалай Статкевіч, «акцыя адбудзецца і ў выпадку затрымання перад ёй найбольш вядомых лідараў БНК — знойдуцца новыя лідары, гатовыя ўзяць адказнасць на сябе».