Затрыманую журналістку tut.by Любоў Каспяровіч адправілі на Акрэсціна



Карэспандэнта партала tut.by Любоў Каспяровіч, затрыманую раніцай 14 траўня каля Дома правасуддзя ў Менску, адправілі ў ізалятар на Акрэсціна.

Паводле інфармацыі партала, сёння над ёй і яшчэ некалькімі затрыманымі пройдзе суд. Адваката да журналісткі так і не дапусцілі.

Учора позна ўвечары некаторых затрыманых студэнтаў сталі адпускаць. Суд у іх адбудзецца ў сераду, 19 мая.

Як паведамлялася, у Маскоўскім РУУС сталіцы, дзе знаходзілася Каспяровіч, для яе прынялі перадачу з гігіенічнымі сродкамі.

Журналістка была затрыманая каля Дома правасуддзя, дзе пачаўся працэс па „справе студэнтаў”. Як паведаміў tut.by, перад затрыманнем карэспандэнт інтэрв’юявала сяброў аднаго з абвінавачаных — выконвала свае працоўныя абавязкі, рыхтуючы рэпартаж.

Пазней тэлеграм-канал ГУУС Менгарвыканкама паведаміў, што каля Дома правасуддзя былі затрыманыя 14 чалавек, „якія не выканалі законныя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі”.

Суд Савецкага раёна Менска пад старшынствам суддзі Марыны Фёдаравай 14 мая пачаў разгляд „справы студэнтаў”, па якой праходзяць 12 чалавек. Усе падсудныя прызнаныя беларускай праваабарончай супольнасцю палітычнымі вязнямі і знаходзяцца пад вартай з 12 лістапада 2020 года. Выязное пасяджэнне праходзіць у будынку суда Кастрычніцкага раёна Менска і Дома правасуддзя.

Да будынка раніцай прыйшло шмат людзей. Сваякоў (па два на кожнага абвінавачванага) прапусцілі ў будынак за некалькі хвілін да пачатку працэсу. У залу ўвайшло каля 25 чалавек, яшчэ прыкладна 40 засталіся ў калідоры. Нікога з журналістаў недзяржаўных СМІ ў залу суда не прапусцілі.

На вуліцы перад будынкам засталося каля 200 чалавек. Супрацоўнік МУС у мегафон заклікаў людзей разысціся, а чалавек у цывільным ажыццяўляў відэаздымку прысутных. Праз некаторы час адбыліся затрыманні.

belapan.by