Затрыманы актывіст кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Максім Вінярскі
Затрыманы актывіст кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Максім Вінярскі. Пра гэта паведаміла ў „Фэйсбуку” актывістка Вольга Нікалайчык.
„Максім Вінярскі затрыманы. У Фрунзенскім РУУС зараз. На ім 15 сутак вісела. На нас з Кулаковым па 10”, — напісала Нікалайчык.
Па ўсёй бачнасці, гаворка ідзе пра адміністрацыйныя арышты, рашэнні аб якіх у канцы ліпеня былі вынесеныя ў судзе Цэнтральнага раёна Менска ў дачыненні да грамадскіх актывістаў, якія 22 чэрвеня выйшлі на Кастрычніцкую плошчу сталіцы, каб выказаць салідарнасць з фігурантамі справы „Белага легіёну”.
Удзельнікаў пікета не затрымлівалі, аднак міліцыянеры здымалі іх на відэа. Пазней актывісты атрымалі павесткі ў суд. Усіх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч. 3 арт. 23.34 КаАП).
Максім Вінярскі быў асуджаны на 15 сутак арышту, Вольга Нікалайчык і Леанід Кулакоў атрымалі па 10 сутак.
26 жніўня таксама быў затрыманы апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч. Цяпер ён адбывае пяцісутачны арышт „за дэманстрацыю на працягу хвіліны бел-чырвона-белага сцяга” каля ЦІП на Акрэсціна ў канцы сакавіка гэтага года.
Не выключана, што пасля адбыцця пяці сутак арышту Статкевічу давядзецца адседзець яшчэ 15 сутак, якімі ён пакараны за арганізацыю вулічнай акцыі ў Менску 3 ліпеня.
Актывісты мяркуюць, што сёлетнія затрыманні звязаныя з анансаванай апазіцыянерамі на 8 верасня „акцыяй папярэджання” у сувязі з маючымі адбыцца беларуска-расейскімі вучэннямі „Захад-2017”.
belapan.by