Затрымалі хлопца, які спытаўся пра абразы Лукашэнкі



Аляксандра Андрэева, адміністратара тэлеграм-канала Орша для жизни”, затрымалі на лецішчы 26-га чэрвеня.

Гэта адбылося пасля вяртання з райвыканкама, дзе праходзіла сустрэча Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанкі з мясцовымі прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў. Аляксандр Андрэеў таксама на ёй прысутнічаў і запытаўся пра тое, што абурае зараз многіх беларусаў: чаму Аляксандр Лукашэнка дазваляе сабе абражаць апанентаў і ўвесь беларускі народ. Пасля сустрэчы актывіст быў затрыманы, распавяла яго жонка, Паліна Андрэева:

– Спачатку прыехалі да ягоных сваякоў, шукалі. Ён сам патэлефанаваў у міліцыю ды перапытаў, ці яго шукаюць. Яму адказалі, што ніхто не шукае, але ён усё адно пачаў збірацца. Мяне паслаў у краму па цыгарэты, я вярнулася, а каля дома ўжо стаіць міліцыя. Ён сабраўся і выйшаў – у хату яны не заходзілі.

Аляксандру Андрэеву сказалі, што ён затрыманы за адміністрацыйнае правапарушэнне. За якое менавіта, не патлумачылі. Жонка мяркуе, што за ўдзел у “ланцугу салідарнасці” 19-га чэрвеня. У той дзень на плошчы Леніна ў Воршы, як і зазвычай перад выходнымі днямі, дзецям і дарослым прапаноўвалі пакатацца на поні і на конях. Аляксандр праехаўся на кані са сцягам “Страны для жизни” – пад такімі сцягамі праходзіў і пікет па зборы подпісаў у падтрымку Святланы Ціханоўскай. Вядома, што ў Воршы затрыманы яшчэ адзін прыхільнік “Страны для жизни”, Павел Парфяненка. І прынамсі адзін удзельнік “ланцуга салідарнасці” , Міхаіл Чамурака, знаходзіцца “на сутках” за ўдзел у акцыі салідарнасці з затрыманымі Віктарам Бабарыкам і Сяргеем Ціханоўскім.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск