Мікола Чарнавус чакае суда пасля шпіталізацыі (абноўлена)



Нефармальны лідар баранавіцкіх прадпрымальнікаў Мікола Чарнавус паведаміў, што сёння не будзе разгляду яго справы па абвінавачанні ў арганізацыі масавага мерапрыемства. Па яго словах, хаця ён знаходзіцца ў шпіталі , усё ж ён асабіста занёс старшыні суда заяву, каб завочна яго ў ніякім разе не судзілі.

– Я напісаў заяву і сёння раніцай аднёс яе ў суд, каб без мяне суда не праводзілі. Атрымліваецца, што я паперу ім занёс, яны яе прынялі. Не будзе мяне – не будзе суда.   

 Міколу Чарнавуса затрымалі 2 ліпеня, доўга пратрымалі ў міліцыі, хаця ён скардзіўся на высокі ціск. На актывіста склалі пратакол за арганізацыю і праведзенне масавага несанкцыянаванага мерапрыемства – сходу прадпрымальнікаў. Прдапрымальнікі накіравалі па электроннай пошце зварот на імя Аляксандра Лукашэнкі з просьбай адмяніць рашэнне пра абавязковую сертыфікацыю тавараў.

* * *

Баранавіцкі прадпрымальнік Мікола Чарнавус вызвалены з-пад варты да суда. Чарнавус пераведзены ў звычайную палату хірургічнага аддзялення гарадской бальніцы. Гэта адбылося пасля візіту прадпрымальнікаў у гарадскі аддзел міліцыі. Там яны перадалі калектыўны зварот з подпісамі начальніку аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі падпалкоўніку міліцыі Андрэю Урублеўскаму. У звароце было сказана, што іх забастоўка адбылася шляхам самаарганізацыі. Чарнавус не з’яўляецца арганізатарам.

Сам Мікола Чарнавус лічыць, што арганізатарам страйку прадпрымальнікаў з’яўляецца Указ Аляксандра Лукашэнка № 222:

– Я зараз зразумеў, што яны баяліся, каб я не паехаў у Менск. Таму што атрымалася ўсё так, як планавалі прадпрымальнікі: 30-га чэрвеня падалі нулявыя дэкларацыі, 1-га ліпеня наведалі гарвыканкам, 2-га былі ў Цэнтры занятасці насельніцтва. Так і было зроблена. А на 3-га ліпеня была запланаваная Кастрычніцкая плошча Менска. Гэта ўсё сам прэзідэнт арганізаваў сваім неабдуманым указам, а не прадпрымальнікі.

2 ліпеня Мікола Чарнавус быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Падчас 5-гадзіннага допыту анкалагічна хвораму Чарнавусу, інваліду 2 групы, стала дрэнна. Ён неаднаразова прасіў дапамогі. Але маёр міліцыі Аляксей Гетман адмаўляўся выклікаць хуткую дапамогу, падсоўваючы для подпісу Чарнавусу патрэбныя для абвінавачвання паперы. І толькі ў ізалятары часовага ўтрымання, куды змясцілі Чарнавуса пасля допыту, была выклікана хуткая.

* * *

Індывідуальны прадпрымальнік з Баранавічаў Мікола Чарнавус вызвалены да суда. Яго затрымалі 2 ліпеня пасля візіту ў гарвыканкам і сустрэчы з прадстаўніком раённай газеты. Прадпрымальніка адвезлі ў гарадскі аддзел міліцыі, дзе склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за правядзенне 1 ліпеня на гарадскім рынку і ў будынку гарвыканкама несанкцыянаванага мерапрыемства.

Складанне пратаколу зацягнулася амаль на пяць гадзін. Чарнавусу, які з’яўляецца інвалідам другой групы, стала дрэнна, ён неаднаразова прасіў медыцынскую дапамогу, але яго просьбы ігнараваліся. Пасля складання пратаколу Чарнавуса адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе ў яго рэзка падняўся ціск. Брыгада хуткай дапамогі даставіла прадпрымальніка ў гарадскую бальніцу. Там ён знаходзіўся пад наглядам двух супрацоўнікаў міліцыі. Паведамляе Мікола Чарнавус:

– Спачатку мяне перавялі ў кардыялогію. А зараз я ўжо знаходжуся ў палаце. Ціск нармалізаваўся. У міліцыі наогул здзекаваліся нада мною. У 15 гадзін мяне забралі, я прасіў вызваць хуткую дапамогу. Але толкі ў 20.30 прыйшла хуткая і мяне забрала. Атрымліваецца, што з 15 гадзін мяне пратрымалі да самай раніцы, і толькі сёння раніцай я паснедаў. Ніхто не ведаў, што я ў бальніцы.

Напярэдадні індывідуальныя прадпрымальнікі Цэнтральнага гарадскога і Палескага рынкаў у Баранавічах напісалі заяву і сабралі каля сотні подпісаў за вызваленне Чарнавуса. Нагадаем, 1 ліпеня тры сотні прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рынках і ў гандлёвых цэнтрах Баранавічаў, прыпынілі працу ў знак пратэсту супраць уступлення ў сілу ўказа Лукашэнкі № 222, які істотна ўскладняе працу прадпрымальнікаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Прадпрымальнікі абураныя дзеяннямі ўладаў у адносінах да іх калегі Міколы Чарнавуса. Лідар прадпрымальніцкага руху Баранавічаў учора быў затрыманы. У выніку пяцігадзіннага допыту ў міліцыі ён трапіў у лякарню з гіпертанічным крызам. Мікола Чарнавус інвалід 2 групы. Сына ў бальнічны ізалятар для вязняў не пусцілі. Там Мікола Чарнавус знаходзіцца пад аховай міліцыі.

Абураныя дзеяннямі міліцыянтаў баранавіцкія прадпрымальнікі збіраюцца ісці ў міліцыю і бальніцу, расказвае Мікола Чарнавус-малодшы:

– На цэнтральным рынку сабралася каля 250-300 прадпрымальнікаў. Яны абураныя тым, што арыштавалі Чарнавуса Мікалая Дзмітрыевіча. Чалавека збіраліся накіраваць на перамовы з кіраўніком дзяржавы, а яго за гэта арыштавалі. Зараз мы чакаем журналістаў, каб накіравацца ў гарадскі аддзел унутраных спраў, бо мне, як сыну, нават не патлумачылі як, за што і хто яго затрымаў. Пасля гэтага прадпрымальнікі збіраюцца пайсці ў бальніцу да Чарнавуса.

1 ліпеня ў Баранавічах адбыўся страйк прадпрымальнікаў. Бізнесоўцы прыйшлі да гарвыканкаму, аднак чыноўнікі да іх не выйшлі. Пасля гэтага прадпрымальнікі вырашылі звяртацца са сваімі праблемамі наўпрост у Адміністрацыю прэзідэнта, мінуючы мясцовых чыноўнікаў.

* * *

2-га чэрвеня ў 14 гадзін баранавіцкага прадпрымальніка Міколу Чарнавуса затрымала міліцыя. Нікому пра гэта не было паведамлена. Толькі ў 22 гадзіны вечара ад невядомай асобы сям’я даведалася, што ён змешчаны ў бальнічны ізалятар пасля шматгадзіннага допыту.

Расказвае сын Чарнавуса Мікалай:

– У 2 гадзіны дня бацька пайшоў у рэдакцыю праўладнай газеты “Наш край”, каб там надрукавалі артыкул пра патрэбы прадпрымальнікаў і пра тое, што яны напісалі рэзалюцыю прэзідэнту. Пасля таго, як ён выйшаў з рэдакцыі, яго затрымалі.

Сыну Чарнавуса Мікалаю да гэтага часу невядома, хто канкрэтна затрымліваў бацьку, хто выпісаў пастанову на затрыманне. Сустрэцца з бацькам у бальніцы яму не дазволілі:

– Калі я прыехаў у бальніцу, каб перадаць яму рэчы, то даведаўся, што ён знаходзіцца ў ізалятары для правапарушальнікаў. Дзверы былі зачыненыя. Да мяне выйшаў старшы прапаршчык і паведаміў, што не ведае на падставе чаго затрымалі майго бацьку. Яму толькі загадалі ахоўваць гэтага чалавека. У гарадскім аддзеле ўнутраных спраў мы звярнуліся да аператыўнага дзяжурнага Несцерава Аляксандра Аляксандравіча.

Але дзяжурны таксама нічога не ведаў. У ізалятары часовага ўтрымання, куды звярнуўся Мікалай, адказалі, што затрыманы Чарнавус за парушэнне арганізацыі масавага мерапрыемства. Баранавіцкія прадпрымальнікі ўжо 2 дні страйкуюць. Мікалай Чарнавус быў адным з актывістаў страйку.

Беларускае Радыё Рацыя