Затрыманы Дзяніс Урбановіч, якога ў Курапатах збіла машына



 У Менску 25 лютага затрыманы актывіст Дзяніс Урбановіч, якога вечарам 16 лютага ў Курапатах каля рэстарана „Поедем поедим” збіў аўтамабіль.

„Інфармацыі аб затрыманні вельмі мала, — паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец. — Урбановіч патэлефанаваў аднаму з актывістаў і паспеў толькі паведаміць, што яго вязуць у Бараўляны. Якая прычына затрымання, ён сказаць не паспеў, бо перапынілася тэлефонная сувязь”.

Севярынец таксама паведаміў, што патэлефанаваў у Бараўлянскі аддзел міліцыі Менскага РУУС. Спачатку там інфармацыю даваць адмовіліся, аднак затым пацвердзілі, што Урбановіч знаходзіцца ў іх у сувязі нейкай адміністрацыйнай справай.

Нагадаем, 16 лютага некалькі актывістаў, уключаючы Урбановіча, дзяжурылі каля рэстарана. Яны інфармавалі людзей, якія прыязджаюць у забаўляльную ўстанову, аб тым, што ў Курапатах знаходзіцца нацыянальны некропаль, у гэтым месцы праходзілі масавыя расстрэлы ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

Аўтамабіль, які збіў Урбановіча, ехаў на вялікай хуткасці, таму актывіст не паспеў ухіліцца. Ён упаў на асфальт і стукнуўся галавой. Кіроўца аўтамабіля пры гэтым нават не спыніўся і пакінуў месца ДТЗ. Супрацоўнікі ДАІ, якія прыбылі на месца здарэння, затрымалі вадзіцеля, склалі пратакол, забралі ў яго правы, а таксама правялі следчы эксперымент, каб разабрацца ў сітуацыі.

Хуткая дапамога забрала Урбановіча ў бараўлянскую раённую бальніцу, дзе яму ўкалолі абязбольваючае, зрабілі рэнтген і МРТ галавы. Пераломаў і цяжкіх траўмаў у актывіста не выявілі, дыягнаставалі толькі ўдары, сказаўшы, што ўсё будзе добра.

17 лютага Урбановіч паехаў у Следчы камітэт, каля якога яму стала дрэнна, была выклікана хуткая дапамога. У выніку ў той жа дзень яму наклалі шыйна-плечавы гіпс у сувязі з вельмі моцнымі ўдарамі шыі, пляча і рукі. Медыкі загадалі актывісту насіць гіпс тры тыдні.

[manual_related_posts]