Затрыманы меркаваны наркадылер, які ўцёк з-пад варты ў Берасці



20 красавіка супрацоўнікі крымінальнага вышуку УУС Берасцейскага аблвыканкама, Ленінскага РАУС Берасця і Івацэвіцкага РАУС затрымалі ў Берасці падазраванага ў незаконным абароце наркотыкаў, які ўцёк з-пад варты.

Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік УУС Берасцейскага аблвыканкама Сяргей Дучанка, мужчыну затрымалі прыкладна ў 18.00 у адным з сельскіх населеных пунктаў Івацэвіцкага раёна. Ён змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання ў Берасці.

5 красавіка 26-гадовы жыхар Берасця, у дачыненні да якога распачаты справы на падставе чч. 2 і 3 арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) быў змешчаны на стацыянарнае лячэнне ў адну з бальніц Берасця, дзе знаходзіўся пад вартай. Увечары 10 красавіка ён збег з лячэбнай установы і быў абвешчаны ў вышук.

11 красавіка ўпраўленнем Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці ў дачыненні да мужчыны была распачата справа па ч. 1 арт. 413 КК (уцёкі з-пад варты).

belapan.by