Затрыманы вядомы бізнесовец Аляксандр Кныровіч



Паводле неафіцыйнай інфармацыі, затрыманы беларускі бізнесовец Аляксандр Кныровіч.

1464016080knurov

Пра гэта БелаПАН паведаміла інфармаваная крыніца. Тэлефон бізнесоўца зараз недаступны. Мяркуючы па запісах на старонцы Кныровіча ў „Фэйсбуку”, яшчэ 24 студзеня ён знаходзіўся ў Жэневе.

Начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Следчага камітэта Беларусі Сяргей Кабаковіч сказаў БелаПАН, што Аляксандр Кныровіч СК не затрымліваўся. У КДБ інфармацыю пакуль не каментуюць.

43-гадовы Аляксандр Кныровіч — сузаснавальнік групы кампаній „Сармат”, якая займаецца вытворчасцю будаўнічых сумесяў. Уладальнік мінскага бара Bristle. Прадпрымальнік актыўна падтрымлівае стартап-рух, з’яўляецца адным з членаў ГА „Супольнасць бізнес-анёлаў і венчурных інвестараў „Бавін”.

Актыўна ўдзельнічае ў прысвечаных бізнесу тэлепраектах, выступае як блогер і публіцыст. Аўтарская калонка Кныровіча, прысвечаная святкаванню Дня Перамогі з крытыкай афіцыйнага стаўлення да даты, стала адной з прычын рашэння Мінінфарма аб абмежаванні доступу да сайта kyky.org у чэрвені 2015 года. У міністэрстве тады палічылі, што распаўсюджванне падобнай інфармацыі „здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”.

У сваіх апошніх публічных выступленнях Кныровіч неаднаразова крытыкаваў уладу за стаўленне да бізнесу. Так, выступаючы ў лістападзе 2016 года на VI Міжнародным форуме прадпрымальніцтва, ён заявіў, што малы і сярэдні бізнес застаўся сам-насам з праблемамі і мае патрэбу ў падтрымцы дзяржавы. Сёння ў Беларусі „адбываецца ідэальны шторм на ўсіх рынках, акрамя IT-рынка і некаторых экспартных рынкаў”, сказаў бізнесмен. Дзяржава, якая актыўна ўдзельнічала ў бізнесе, на сённяшні дзень кінула яго на волю лёсу.

У якасці прыкладу Кныровіч прывёў сітуацыю ў будаўнічай галіны, дзе востра стаіць праблема пратэрмінаванай запазычанасці. „На сённяшні дзень у мяне асабіста і ў многіх удзельнікаў гэтага рынку завіслі велізарныя грошы ў дзяржтрэстах. Калі яны вернуцца, я не ведаю. Як я буду іх забіраць, я зразумець не магу. А дзяржава як уласнік гэтых аб’ектаў ніякай адказнасці за іх не нясе”. „Я бачу разгубленасць і адсутнасць разумення, што з гэтым усім рабіць. Увогуле, жывіце як хочаце. Гэта значыць сацыялістычная Беларусь раптам стала краінай самага дзікага капіталізму”, — заявіў бізнесмен.