Затрыманых у Менску расейскіх журналістаў адпусцілі з міліцыі
Журналісты расейскага альманаха moloko plus Павел Нікулін і Ян Патарскі, затрыманыя 16 сакавіка ў Менску, адпушчаныя з міліцыі.
„Лічаць, што мы здзейснілі адміністрацыйнае правапарушэнне — распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў. Экспертызы не было. Такія навіны”, — паведамляецца ў телеграм-канале альманаха.
Ва УУС Савецкага раёна Менска расейскіх журналістаў пратрымалі тры гадзіны, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў, якая дапамагла знайсці для іх адвакатаў. Нікуліна і Патарскага вызвалілі без складання пратаколаў, аднак міліцыя забрала іх прэзентацыйныя матэрыялы, каб праверыць на наяўнасць экстрэмісцкага зместу.
Супрацоўнікі moloko plus былі затрыманыя каля 16.00 у „Прэс-клубе”, куды прыехалі для правядзення адкрытай лекцыі. Яны планавалі падзяліцца вопытам па зборы грошай на ўласны праект, арганізацыі працы рэдакцыі, распавесці пра тое, як вырашаць юрыдычныя, этычныя і эканамічныя праблемы.
Як паведаміў БелаПАН сведка, перад пачаткам лекцыі ля ўваходу ў „Прэс-клуб” стаялі супрацоўнікі міліцыі: адзін з іх быў у форме, другі — у цывільным. Тых, хто ішоў на лекцыю, яны прасілі паказаць пашпарты, тых, хто адмовіўся, не прапускалі. Усё гэта адбывалася без тлумачэння прычын. Бліжэй да 16.00 міліцыя вывела з будынка Паўла Нікуліна, які паспеў паведаміць, што яго вязуць ва УУС Савецкага раёна Менска. Пазней высветлілася, што затрыманы і Ян Патарскі.
Moloko plus — некамерцыйны альманах, прысвечаны праблемам гвалту. Ужо выйшлі тры нумары альманаха: „Тэрарызм”, „Наркотыкі” і „Рэвалюцыя”. Каманда працуе над чацвёртым — „Патрыярхат”. У Расеі ўлады перыядычна затрымліваюць супрацоўнікаў moloko plus, а таксама перашкаджаюць распаўсюджванню альманаха.
