Затухне ці не пратэстная хваля?



Філосаф і былы кандыдат у Палату прадстаўнікоў Уладзімір Падгол прагназуе, якім чынам далей могуць развівацца пратэстныя настроі ў грамадстве.

Як паведамляе nn.by, у сацыяльных сетках набірае сілу заклік прыйсці 26 лютага на цэнтральную плошчу Віцебска з патрабаваннем адмяніць дэкрэт №3.

Тым часам, палітык Мікалай Статкевіч не ўпэўнены ў эфектыўнасці правядзення зараз акцый у рэгіёнах і заклікаў усіх далучыцца да акцыі 25 сакавіка.

Уладзімір Падгол: Па-першае, мы не ведаем, як у гэтай сітуацыі павядуць сябе далей улады. Можа яны прымуць нейкія кардынальныя змены ў дэкрэт? Можа наогул яго адменяць? Па-другое, калі апазіцыя пачне моцна палітызаваць акцыі (а зараз узровень палітызацыі – на мяжы), то народ таксама можа схлынуць. І з гэтай нагоды прывяду просты прыклад. Я даведаўся, што з нашага пад’езда 17 лютага хадзілі на Кастрычніцкую плошчу тры маладыя чалавекі. Палітыкай яны ніколі не займаліся, на мітынгі не хадзілі, але зараз дэкрэт іх зачапіў. Выпадкова сустрэліся, хлопцы мне распавялі пра свае ўражанні ад паходу на акцыю. І яны сказалі, што расчараваліся акцыяй. Маўляў, не было драйва і пачуцця перамогі. Вось гэтыя тры апалітычныя мужыкі з пад’езда для мяне – і ёсць маленькае сацыялагічнае апытанне.

РР: Здаецца, арганізатары акцыі не рабілі аптымістычных прагнозаў, што адразу ж дасягнуць нейкай перамогі…

Уладзімір Падгол: Тады пытанне: якая была мэта? Адмяніць дэкрэт? Гэта адно. Але хто з лідараў апазіцыі можа даць людзям працу? Аб’яднаная грамадзянскай партыя ўжо даўно прапаноўвае “мільён працоўных месцаў”, але ж гэты брэнд ужо пераўтварыўся ў баўбатню.

РР: Але відавочна, што пратэстная хваля паднялася. Ці не схлыне яна?

Уладзімір Падгол: На сто адсоткаў спрагназаваць сітуацыю немагчыма. Вельмі і вельмі шмат усялякіх складнікаў. Напрыклад, у адзін момант улады вырашаць пачаць рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў, і загоняць пар у чайнік. Такое ж таксама нельга выключаць. Але магу сказаць, што зараз у грамадстве неверагодна магутны пратэстны патэнцыял, бо да пратэстаў далучыліся людзі, якія раней ніколі палітыкай не займаліся. Праўда, як толькі паміж апазіцыйнымі структурамі пачнецца раздрай і канкурэнцыя (а мы гэта ўжо пачынаем назіраць), то пратэсты могуць сысці на “не”. Неабходна супольная праца на адзіны працэс. У такім выпадку эфект быў бы магутным, і хваля б не затухла.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя