Завершыўся шосты “Вішнёвы фэст”



У Глыбокім завершыўся шосты міжнародны “Вішнёвы фэст”. У ім прынялі ўдзел музычныя калектывы з шасці краін: Латвіі, Літвы, Польшчы, Грузіі, Расеі ды Беларусі.

З канцэртам выступілі арт-гурт “Беларусы”, Ядвіга Паплаўская, Аляксей Хлястоў, Вольга Плотнікава. А таксама лаўрэат міжнародных конкурсаў, выпускніца Венскай кансерваторыі Юлія Лебядзенка ды іншыя музычныя калектывы. Самым захапляльным відовішчам для глыбачанаў і гасцей горада быў выступ ансамбля грузінскага народнага танца і песні з горада Тэлаві.

Кажуць госці фестывалю:

Мы, грузіны, вас, беларусаў, вельмі паважаем. І я спадзяюся, што і вы нас.

– Мне тут вельмі падабаецца. Увогуле ў Беларусі.

– Больш за ўсё нам спадабаўся ваш гасцінны горад, вашы людзі зычлівыя, адкрытыя, ветлівыя, яны чакаюць гасцей і заўсёды ім рады. Гэта заўсёды прыемна.

– Я рада, што людзі без амбіцый, без злосці проста радуюцца жыццю, проста робяць дабро. І ў гэтым, напэўна, моц духу славянскага народа. Няхай жыве вішня, няхай жыве сяброўства! Ура!

– Людзі не забываюць пра сваё беларускае, хоць, канешне, размах на міжнароднасць. Аднак сваё беларускае ёсць. Выступілі і дудары, і скрыпачы, і танцоры. Увогуле задаволеная, таму, канечне ж, прыеду наступным разам.

Сёлета падчас фэсту ў Глыбокім адкрылі рэзідэнцыю Вішнёвай каралевы. Праходзілі этнавечарына, навукова-практычная канферэнцыя па садаводстве, тэатралізаваная праграма, фотасушка, выставы, фінал міжнароднага турыстычнага конкурсу прыгажосці “Міс экстрым-2018” ды іншае.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі