Завод жартаў не разумее!



10 кастрычніка мінулага года сайт “Рэгіянальнай газеты” размясціў цікавае фота – мыла на вяровачках. Кадр зрабіў і даслаў адзін з чытачоў выдання.

На маладзечанскім заводзе парашковай металургіі вырашылі змагацца з крадзяжамі гаспадарчага мыла з прыбіральні. Усё проста: кавалачкі мыла прывязалі на вяроўку. Праз некалькі гадзін пасля публікацыі дырэктар прадпрыемства Алег Тапалаў пракаментаваў арыгінальны фотаздымак словам “правакацыя”.

«Рэгіянальная газета» па гарачых слядах сустрэлася з дырэктарам Завода парашковай металургіі ў Маладзечне Алегам Мінавічам Тапалавым. Карэспандэнтам паказалі прыбіральні, дзе было зроблена рэзананснае фота, – і там насамрэч мыла было ў свабодным доступе, але ў іншых прыбіральнях яно было прывязанае да крана вяроўкай. Факт. Здараецца. Інцыдэнт вычарпаны? На жаль, не.

Цяпер завод праз суд патрабуе ў “Рэгіянальнай газеты” публічнага прабачэння і абвяржэння інфармацыі пра мыла на вяровачцы. Кіраўніцтва прадпрыемства лічыць апублікаваныя звесткі ілжывымі і турбуецца, што яны “могуць адмоўна адбіцца на фінансавых выніках прадпрыемства”. Позва пададзеная ў Мінскі абласны эканамічны суд.

“Рэгіянальная газета” не прызнае прэтэнзій істца, што падаецца лагічным. Факт быў заўважаны? Быў. Матэрыял не утрымлівае звестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці. Значыць, гэта не чорны піяр. Хутчэй – нарыс з жыцця месцічаў.

Судовае пасяджэнне адбудзецца 16 студзеня ў 15.00 у Менску. Справу мыла на вяровачках будзе разглядаць суддзя Ірына Мікалаеўна Шпак.

Дар’я Ліс, Беларускае Радыё Рацыя

Фота rh.by