Завяршыўся традыцыйны Будслаўскі фэст



У Будславе завяршыўся традыцыйны фэст у гонар Маці Божай Будслаўскай. Сёлета падчас святкавання асаблівая ўвага была нададзена стагоддзю Фацімскіх аб’яўленняў, якія прадказалі Другую сусветную вайну, пераслед хрысціянаў і патрэбу навяртання. “Гэтыя аб’яўленні асаблівым чынам датычаць  Беларусі”, – гаворыць дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі:

– Менавіта на нашых усходніх тэрыторыях вера ў асаблівы спосаб нішчылася. Асаблівым чынам гэта тычыцца той ідэалогіі камуністычнай, якая ахапіла, а наступствы яе мы адчуваем і сёння. І нам трэба яшчэ шмат часу, каб пэўныя цяжкасці, прынесеныя ў той 1917 год, маглі цалкам знікнуць.

Сёлета на свята ў Будславе прыбыло каля 20 тысяч пілігрымаў, сярод іх больш за 2 тысячы прыйшло ў Будслаў пешшу.  Традыцыйная шматлюднасць на фэсце сведчыць пра адраджэнне веры сярод беларусаў і дае надзею на лепшую будучыню, зазначае біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара