Збігнеў Ракіта: У адрозненне ад Верхняй Сілезіі Беларусь змагла аформіць свой народ у незалежную дзяражаву



У межах дзявятага літаратурнага фестывалю «На памежжы культур» у Беластоку адбылася сустрэча гараджан са Збігневам Ракітам – рэпарцёрам, пісьменнікам, які спецыялізуецца на Усходняй Еўропе і Верхняй Сілезіі, аўтарам рэпартажных кніг Kajś («Кайсь»), якая цалкам апраўдала назву штогадовага фестывалю.

Падчас сустрэчы гучала шмат вострых пытанняў пра асаблівасці канструявання ідэнтычнасцяў на памежжы і мноства паралеляў паміж гісторыямі Беларусі, Падляшша і Сілезіі.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з «Госцем Рацыі» – пісьменнікам Збігневам Ракітам пра тое, чаму ў адрозненне ад Беларусі Верхняя Сілезія не выкарыстала свой шанец на стварэнне дзяржавы, чаму варта адкрыць ажно два Народных музеяў Сілезіі і мясцовую Акадэмію навук, крыху пра сучаснае становішча сілезкай мовы і ці мажлівая зараз афіцыйная супраца паміж Беларуссю і Сілезіяй. Размова вялася на расейскай мове з двух бакоў, каб аддаць пашану перыяду навучання Збігнева Ракіты ў Інстытуце Расеі і Усходняй Еўропы Ягелонскага ўніверсітэта.

РР: Пра падабенства Беларусі і Сілезіі. У Сілезіі вельмі шмат гор, вось гэтая гарыстасць можа быць надае нейкія рысы характару сілезцам?

Збігнеў Ракіта: Ды не, справа не ў гэтым. На самой справе вельмі шмат падабенства ў гістарычным плане. Я ў сваёй кнізе спасылаўся на гісторыю Беларусі пачатку ХХ стагоддзя, калі ўтварылася сучасная беларуская ідэнтычнасць. Гэта канец ХІХ і пачатак ХХ стагоддзяў, я параўнаў гэтыя перыяды ў Беларусі і Сілезіі, і мне здалося, што тут вельмі шмат падабенства. Канешне, пасля на працягу ХХ стагоддзя гісторыя гэтых двух месцаў была іншай. У Беларусі атрымалася – утварылася сучасная нацыя і дайшло да беларускай дзяржаўнасці, а выпадку Верхняй Сілезіі было зусім інакш.

РР: Ці можам мы сказаць, што стагоддзе таму ў Беларусі і Сілезіі былі аднолькавыя адпраўныя кропкі ўмоваў фармавання нацыі?

Збігнеў Ракіта: Калі гэта крыху спрасціць, то дзве гэтыя групы, мы кажам перш за ўсё пра вузкія колы інтэлігенцыі перш за ўсё, пачыналі з падобнай кропкі.

РР: І атрымалася, што Беларусь змагла аформіць дзяржаўнасць, а Сілезія не змагла?

Збігнеў Ракіта: Канешне. У выпадку з Беларуссю рашэнне перш за ўсё прымалі ў другіх месцах. Факт, што непасрэдна пасля Першай сусветнай вайны, калі ўтваралася савецкая дзяржава, тады савецкія ўлады вырашылі пабудаваць сваю краіну па федэральным прынцыпе. Гэта, напэўна, паўплывала на шанцы беларусаў, каб пасля гэтая сучасная дзяржава ўтварылася.

Пасля другой сусветнай вайны якраз Беларусь, Беларуская СССР, была прынята як член ААН, і пасля з гэтага ўсяго атрымалася беларуская дзяржаўнасць у пачатку 90-х.

Я не кажу, што толькі знешнія сілы рашалі ўсё, канешне, была беларуская інтэлігенцыя, былі воля і жаданне беларускага народа. Але факт застаецца фактам, што знешнія працэсы дапамаглі, каб у дзевяноста першым годзе ўтварылася беларуская дзяржаўнасць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя