Збіты на «плошчы Перамен» Раман Бандарэнка знаходзіцца ў коме
Міліцыя праводзіць праверку па факце „дваровага канфлікту”, у выніку якога быў цяжка траўмаваны мінчанін Раман Бандарэнка.
Як паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама, 11 лістапада прыблізна ў 22.30 у міліцыю „паступіла паведамленне аб тым, што ў двары дома на вул. Чарвякова ў Мінску б’юцца невядомыя”. „Пры выбыцці супрацоўнікі міліцыі выявілі 31-гадовага грамадзяніна з цялеснымі пашкоджаннямі. У наступным праваахоўнікі выклікалі яму хуткую медыцынскую дапамогу. Мужчына шпіталізаваны. Папярэдне вядома, што канфлікт адбыўся з-за бел-чырвона-белых стужачак, якія былі развешаныя на канструкцыях у двары. Па гэтым факце ў цяперашні час праводзіцца праверка”, — паведамляе сайт ГУУС.
„МУС канстатуе: некаторыя грамадзяне з мэтай давядзення да навакольных свайго асабістага меркавання з нагоды сваёй палітычнай пазіцыі вывешваюць, малююць, наляпляюць недзяржаўную сімволіку на фасадах будынкаў, гарадскіх канструкцыях, асабістых аўтамабілях і г.д. Іншыя неабыякавыя грамадзяне спрабуюць аднавіць парадак і не дапускаць парушэнняў правілаў добраўпарадкавання. З наступствамі такіх канфліктаў, часам вельмі цяжкімі, разбіраецца МУС”, — гаворыцца ў паведамленні.
Канфлікт адбыўся на сімвалічнай „Плошчы перамен” — у двары жылога дома, размешчанага на вуліцы Чарвякова, дзе на мясцовай трансфарматарнай будцы пастаянна з’яўляецца выява „дыджэяў Перамен”. Згодна з паведамленні відавочцаў, вечарам туды прыехалі невядомыя людзі і сталі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі, якімі ўпрыгожаны двор. Мясцовыя жыхары спрабавалі гэтаму супрацьстаяць, завязалася бойка. Раман Бандарэнка быў затрыманы міліцыяй і дастаўлены ва УУС Цэнтральнага раёна.
Сёння тэлеграм-канал motolkohelp апублікаваў фатаграфію выпіскі з бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, з якой вынікае, што Бандарэнка знаходзіцца ў аддзяленні рэанімацыі нейрахірургічнага профілю ў цяжкім стане. У выпісцы пазначана, што ён быў дастаўлены ў бальніцу з РУУС на вуліцы Арлоўскай, 58.
Пазней лекары паведамілі, што ў маладога чалавека цяжкая закрытая чэрапна-мазгавая траўма, кровазліццё ў мозг, траўмы мяккіх тканак галавы. Ён у коме.
Здарэнне пракаментавала Святлана Ціханоўская. „Учора на плошчы перамен быў збіты Раман Бандарэнка. Цяпер ён знаходзіцца ў БХМД у вельмі цяжкім стане. У яго складаныя траўмы галавы і ацёк мозгу. Пасля ўсяго, што з ім зрабілі, Раман можа памерці. Мы ўсе спадзяемся на лепшае. Але разумеем, што гэтая кроў — на руках рэжыму, які спрабуе ратаваць сваё існаванне коштам жыццяў беларусаў”, — напісала экс-кандыдат у прэзідэнты ў сваім тэлеграм-канале.
Фота: з сацыяльных сетак
