Зэльва напярэдадні Новага года



За некалькі дзён да Новага года наш карэспандэнт пабываў у Зэльве. У той Зэльве пра якую паэт Уладзімір Мазго неяк напісаў:

Яшчэ прабабкі, мусіць,

Шукалі лекі ў зеллі.

Лістотай захлынуся

У зеляніне:

– Зэльва…

Лістоты перад самым Новым годам у Зэльве не было, але ж і снегу з марозам таксама зэльвенцы пакуль не ўбачылі. Ды і саміх жыхароў у Зэльве ў той дзень было бачна даволі мала, сям-там нехта кудысьці спяшаўся, вітаючыся на хаду адзін з адным. Нават газетны кіёск у цэнтры пасёлка быў зачынены, а ў акенцы людзі чыталі: “ушла в банк”. Калі гандлярка пайшла ў той банк, і калі яна вернецца – ніхто не ведае. Пайшла і ўсё.

На мясцовым рынку – пустэча. Гадлёвыя ралеты ўсе былі зачынены. Толькі адзін з іх працаваў. Мужчына горка прызнаўся, што праз пару гадоў Зэльва будзе вёскай.

У цэнтры пасёлка стаіць ёлка. З аднаго боку яе – будынак Зэльвенскага райвыканкама, а з другога – скверык з помнікам Леніна. У самым цэнтры скверыка – помнік жарабяці. Некалі ў XVIII стагоддзі Зэльва сваім Ганненскім кірмашом была знаёмая гандлярам не толькі з Беларусі, але і з Францыі, Саксоніі, Аўстрыі, Прусіі, Італіі, Швецыі і іншых краін свету. Штогод кірмаш наведвалі каля трох тысяч чалавек. На Ганненскім кірмашы ў той час добра ішоў гандаль і коньмі. Сёння і герб Зэльвы мае выяву каня. Таму маленькі конік з металу стаіць у цэнтры пасёлка. Хаця Зэльва і зэльвенцы заслужылі лепшых помнікаў. Бо зэльвенская зямля даволі багатая на знакамітых людзей Бацькаўшчыны. Сярод іх – паэтка і змагарка Ларыса Геніюш, бюст якой стаіць каля Свята-Троіцкай царквы, а праз вуліцу насупраць – захавалася і яе хата, дзе даўно там мог быць музей паэткі. Але музея няма. Замест жарабяці ў цэнтры Зэльвы павінен стаяць і помнік прэзідэнту Беларускай Народнай Рэспублікі Васілю Захарку, які быў родам з вёскі Дабрасельцы Зэльвенскага раёна. Яго таксама няма…

Самае прыгожае месца ў Зэльве каля касцёла Прасвятой Тройцы. Прыгожа, чыста, утульна, ціха каля касцёла. Галоўны фасад храма мае выразную трохчасткавую будову. Цэнтральная частка фланкіруецца дзвюма высокімі трох’яруснымі вежамі. Дэкор пабудовы даволі стрыманы і строгі, што набліжае яе да сярэднявечных раманскіх прататыпаў…

Што хутка наступіць Новы год, нагадваюць у Зэльве невялікія святочныя ўпрыгожванні. А былы кінатэатр у Зэльве ператварыўся ў палац Дзеда Мароза. Зэльвенскія дзеткі будуць там весяліцца вакол сваёй ёлкі з Дзедам Марозам і Снягуркай. Новы 2018 год абавязкова наступіць. Але якім ён будзе для зэльвенцаў і для ўсіх беларусаў – пакажа час.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва

Фота аўтара