Зэльвенскі райвыканкам ігнаруе сваіх знакамітых землякоў



На сайце Зэльвенскага райвыканкама ёсць старонка, прысвечаная знакамітым зэльвенцам. Яна так і называецца “Знакамітыя жыхары раёна”. Сярод вядомых людзей Зэльвеншчыны згадваюцца казачнік Іван Макей (1882-1955) з Дзярэчына, польская пісьменніца Марыя Радзевіч (1863-1944) з маёнтка Пянюга, былы міністр гандлю БССР Мікалай Малочка, які ў 1969 годзе сваю родную вёску Пляцянічы перайменаваў у Чырвонае Сяло, і іншыя. Дзіўна яшчэ, як гэта трапіў у спіс знакамітых зэльвенцаў і былы прэзідэнт Беларускай Народнай Рэспублікі Васіль Захарка (1877-1943), які быў родам з вёскі Дабрасельцы.

Але Зэльвенскі райвыканкам не лічыць сваімі знакамітымі землякамі найвялікшую беларускую паэтку і змагарку ХХ стагодддзя Ларысу Геніюш, якая жыла пасля сталінскіх лагераў у Зэльве, дзе і пахавана.

Ігнаруе Зэльвенскі райвыканкам і аднаго з таленавітых сёння паэтаў, эсэістаў, перакладчыкаў, даследчыкаў беларускай літаратуры, лаўрэата літаратурных прэмій Ведзьмака Лысагорскага, Алеся Адамовіча, “Залаты апостраф”, “Гліняны Вялес” і міжнароднай прэміі “Воін святла” Міхася Скоблу. Яны сярод “Знакамітых жыхароў раёна” адсутнічаюць.

Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва