Жахлівы тэракт у Самалі: 276 чалавек загінула



Колькасць загінулых па звестках на раніцу 16 кастрычніка вырасла ўжо да 276 чалавек.

Колькасць загінулых у выніку выбуху, які адбыўся 14 кастрычніка ў сталіцы Самалі Магадзішо, вырасла да 231 чалавека, паведаміла агенцтва Associated Press са спасылкай на крыніцы ў паліцыі і медыцынскіх установах, якія казалі на ўмовах ананімнасці.

Адзначаецца, што выбух быў сама вялікім па колькасці ахвяраў у гісторыі краіны. Напоўнены выбухоўкай грузавік узарваўся ў самым цэнтры гораду каля вялікага гатэлю.

Многа параненых абгарэла да непазнавальнасці. Суразмоўцы агенцтва выказваюць думку, што колькасць ахвяраў напэўна павялічыцца.

Дырэктар службы хуткай дапамогі гораду Абдулкадзір Абдырахман заяўляў раней пра 85 загінулых і 250 параненых.

Урад Самалі пакуль афіцыйна не паведаміў, колькі чалавек загінула ў выніку тэракту. Прэзідэнт краіны Махамед Абдулахі Махамед абвесціў ў дзяржаве трохдзённую жалобу. 

Улады вінавацяць у тэракце экстрэмісцкую групоўку „Аш-Шабаб”, якая звязаная з „Аль-Каідай”. Баевікі пакуль не зрабілі ніякай заявы. 

Беларускае Радыё Рацыя