Жанчыну, якая абакрала прыхаджанак у храме, асудзілі на два гады



30 траўня набыў моц прысуд, вынесены 42-гадовай непрацуючай жыхарцы Калінкавіцкага раёна за крадзеж у прыхаджанак храма.

 

Як паведаміла БелаПАН старшы пракурор аддзела пракуратуры Берасцейскай вобласці Надзея Некрашэвіч, раніцай 19 студзеня жанчына прыехала на цягніку ў Лунінец. Там яна прыйшла ў Свята-Крыжаўзвіжанскую царкву і падчас службы скрала чатыры кашалькі з сумачак, пакінутых без нагляду. Выйшаўшы з храма, зламысніца забрала грошы з кашалькоў, а тыя выкінула.

Пасля службы чатыры прыхаджанкі выявілі прапажу кашалькоў і звярнуліся ў міліцыю. Пацярпелым быў нанесены ўрон на агульную суму больш за 166 рублёў.

У гэты ж дзень 42-гадовую жанчыну, якая вярталася дадому на цягніку Лунінец — Калінкавічы, затрымалі на чыгуначнай станцыі Мікашэвічы супрацоўнікі міліцыі. У яе была канфіскаваная частка выкрадзенага.

19 красавіка суд Лунінецкага раёна прызнаў жанчыну вінаватай па ч. 2 арт. 205 КК (крадзеж, учынены паўторна) і прыгаварыў да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. З яе спагнаны на карысць трох пацярпелых матэрыяльны ўрон у суме 132 рублёў.

Абвінавачаная абскардзіла прысуд і прасіла прызначыць больш мяккае пакаранне. 30 траўня судовая калегія па крымінальных справах Берасцейскага абласнога суда пакінула прысуд раённага суда без змянення. Ён набыў законную сілу.

Раней жанчына была двойчы судзімая за крадзяжы.