Жанчыны Іспаніі сустрэлі 8 Сакавіка мітынгам з каструлямі і патэльнямі



У Мадрыдзе некалькі сотняў жанчын выйшлі ў ноч на Міжнародны жаночы дзень на цэнтральную плошчу Пуэрта-дэль-Соль, гучна стукаючы ў рондалі і патэльні, паведамляе Reuters.

Большасць удзельніц акцыі былі апранутыя ў фіялетавую і пурпурную вопратку, якая стала міжнародным сімвалам барацьбы за правы жанчын. Многія жанчыны неслі плакаты з надпісам „Сястра, я веру ў цябе”. Такім чынам гішпанкі заклікалі да большай гендэрнай роўнасці і адстойвання жанчынамі сваіх правоў.

Буйнейшыя мітынгі і акцыі чакаюцца ў краіне на працягу ўсяго 8 сакавіка. Усплёск актыўнасці феміністак звязаны з ростам папулярнасці новай крайне правай партыі Vox, якая, паводле апытанняў грамадскай думкі, упершыню атрымае месца на парламенцкіх выбарах 28 красавіка. Яе кіраўніцтва адкрыта заклікае да адмены прынятых у Гішпаніі законаў аб гендэрным гвалце.