Журналіст і медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі адпушчаны са Следчага камітэта (абноўлена)



У Менску з-пад варты вызвалены журналіст „Дойче велле” Паўлюк Быкоўскі. Ён з’яўляецца падазраваным па крымінальнай справе аб несанкцыянаваным доступе да кампутарнай інфармацыі дзяржаўнага тэлеграфнага агенства БелТА. Аб прызнанні ці непрызнанні віны Паўлюк Быкоўскі казаць адмовіўся, таму што даў падпіску аб неразгалошванні. У ізалятары часовага ўтрымання ён правёў каля 2-х сутак.

– Умовы ўтрымання, напэўна, былі звычайныя для ізалятара. Ня думаю, што было нешта звышнатуральнае. Адзінае, што іншыя ўтрыманцы ізалятара сказалі, што пакуль не было журналістаў, не было прагулак, а тут ёсць прагулкі. Не ведаю, можа гэта было супадзенне. Я не першы журналіст, які быў затрыманы. У нас былі і затрыманыя, і асуджаныя журналісты. Тут не думаю, што штосьці новае адкрываецца канкрэтна зараз. Для мяне гэта цікава, бо гэта адбываецца са мной. Для краіны, гэта сітуацыя са свабодай слова як ёсць.

Паўлюк Быкоўскі сказаў, што, натуральна, не збіраецца сыходзіць з журналістыкі. „Я збіраюся працягваць працу і звярнуся па працяг акрэдытацыі пры МЗС Беларусі, паколькі з’яўляюся акрэдытаваным карэспандэнтам „Дойчэ велле”. У мяне пакуль яшчэ ёсць акрэдытацыя, але яе кожны год трэба працягваць,” – сказаў Паўлюк Быкоўскі. 

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя 

* * *

Затрыманы па „справе БелТА” карэспандэнт радыёстанцыі „Нямецкая хваля” і медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі 10 жніўня адпушчаны са Следчага камітэта пасля допыту.

Быкоўскі застаецца ў статусе падазраванага, абвінавачанне супраць яго не вылучалі. Журналіст даў падпіску аб неразгалошванні.

Як сказаў Быкоўскі, яго адвакат падаў скаргу на факт затрымання. „Я не магу паскардзіцца на ціск падчас допытаў. Нічога звышнатуральнага. Умовы ўтрымання ў ІЧУ былі звычайнымі для ізалятара”, — адзначыў журналіст.

Яго жонка Вольга Быкоўская сказала журналістам, што Паўлюк быў затрыманы адразу пасля вобыску дома 8 жніўня. Працэдура праводзілася „дастаткова карэктна”, але падставы ёй „не зусім зразумелыя”. Быкоўская паведаміла, што, акрамя тэхнікі мужа, падчас вобыску таксама канфіскавалі тэхніку ў яе і дачкі журналіста, а таксама банкаўскія карты. „Я планую падрыхтаваць скаргу, каб мне і дачцэ вярнулі тэхніку і карты”, — сказала яна.

Быкоўскі быў затрыманы 8 жніўня на 72 гадзіны. Гэты тэрмін заканчваецца ў суботу, 11 жніўня. Перад гэтым у яго кватэры быў праведзены вобыск з канфіскацыяй электронных носьбітаў інфармацыі.

„Нямецкая хваля” звярнулася да беларускага пасла ў Берліне з патрабаваннем неадкладна вызваліць Быкоўскага. У абарону журналістаў выказалася МЗС Германіі.

belapan.by