Журналіст Ілля Дабратвор з пяццю дзецьмі пакінуў Беларусь
Журналіст і грамадскі актывіст Ілля Дабратвор з пяццю дзецьмі з’ехаў за мяжу.
„На мой вялікі жаль, я вымушаны дзеля бяспекі дзяцей пакінуць канцлагер „Беларусь”. Тое, што робяць улады ў апошні час, мае адну назву — нацызм”, — напісаў ён у „Фэйсбуку”.
Раней з краіны з’ехала яго жонка Іна Дабратвор.
У мінулым годзе журналіста некалькі разоў затрымлівалі падчас акцый пратэсту, якія ён асвятляў.
Суд Заводскага раёна Менска ў сакавіку і красавіку гэтага года аштрафаваў яго жонку ў агульнай складанасці на 400 базавых велічынь (11.600 рублёў) за вывешаныя на акне партрэты Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай, Віктара Бабарыкі і герб „Пагоня”. Акрамя таго, у межах даследчай праверкі паводле арт. 341 Крымінальнага кодэкса (апаганенне будынкаў і псаванне маёмасці) з-за расклееных у пад’ездзе партрэтаў палітвязняў у яе дома прайшлі вобшукі, жанчына праходзіць сведкам.
Раніцай 17 мая Ілля Дабратвор быў выкліканы на допыт у Следчы камітэт у сувязі са справай паводле арт. 341.
Падпіску пра неразгалошванне з Дабратвора не бралі. „Мяне апыталі, але палова пытанняў не мела дачынення да гэтай справы ніякага, а тычылася, хутчэй, маёй дзейнасці”, — паведаміў ён БелаПАН.
Фота: facebook.com
