Журналіст НТВ атрымаў па твары ў прамым эфіры



Рэпартаж расейскага тэлеканала НТВ пра тое, як у Маскве адзначаюць Дзень паветрана-дэсантных войскаў, не абыйшоўся без эксцэсаў. Карэспандэнт праграмы „Надзвычайнае здарэнне” Мікіта Разважаеў атрымаў па твары ад мужчыны падчас прамога ўключэння.

https://www.youtube.com/watch?v=EVwl-CdBZBU

Цікава, што за некалькі секунд да гэтага супрацоўнік тэлеканала распавядаў пра „эліту расейскіх войскаў”, расхвальваючы яе баявыя здольнасці. П’яны барадаты мужчына ў кашульцы з надпісам „Аплот” (прарасейская арганізацыя, якая выступала супраць „Еўрамайдана” ва Украіне) падышоў да тэлекамеры, дзе паспрабаваў выказацца з выкарыстаннем нецэнзурнай лексікі: „Украіну захопім бл***!”. Журналіст сказаў яму: „Памаўчыце, калі ласка”, што раззлавала п’янага мужчыну яшчэ мацней. Адразу за гэтым ён здзейсніў моцны ўдар па твары карэспандэнта, што і трапіла ў прамы эфір.

Як паведамляе НТВ са спасылкай на відавочцаў, мужчына ўцёк, але неўзабаве быў затрыманы. У паліцыі пацвердзілі інфармацыю пра затрыманне нападніка. Там адзначылі, што ён не мае дачынення да Паветрана-дэсантных войскаў.