Журналіст „Рацыі” перамог у конкурсе Media Neighbourhood Journalism Awards



У беларускіх журналістаў – тры першых месцы на конкурсе Media Neighbourhood Journalism Awards. Урачыстая цырымонія ўганаравання пераможцаў прайшла 4 лютага ў Бруселі. Конкурс ладзіўся для ўдзельнікаў адукацыйнай праграмы для журналістаў, якую праводзіў кансорцыум “BBC Media Action” пад патранажам Еўракамісіі з 2012 па 2014 гады. За гэты час у трэнінгах паўдзельнічала каля 1400 чалавек, умоўна падзеленых на дзве групы паводле краіны прыналежнасці: “Усходняе партнёрства”  і “Паўднёвае партнёрства”.

У групе “Усходняга партнёрства” Кацярына Марголь заняла першае месца ў “анлайн-намінацыі” (артыкул «Почему в Беларуси мало работодателей «равных возможностей»», open.by), Зміцер Лукашук – у намінацыі “інтэрв’ю” («Еўрадэпутат: Шмат хто кажа: „Не разумею сітуацыі ва Украіне, мне нецікава”», «Еўрарадыё»), а Улад Грынеўскі – у намінацыі “радыёрэпартаж” (“На шопінг у Беласток: беларусы пра 100 даляраў”, “Беларускае Радыё Рацыя”).

2015-02-06_djZona-Karmazin-peremozca-ls

З гэтай нагоды са сваім калегам, Уладам Грынеўскім, пагутарыў Зміцер Косцін.

РР: Твой матэрыял добра ацаніла журы, кампітэнтнае ў галіне радыёжурналістыкі, у межах Media Neighbourhood Journalism Awards. Твой радыёрэпартаж быў прызнаны лепшым. Таму пераказваю віншаванні ад усяго нашага калектыву.

Улад Грынеўскі: Дзякуй за гэтае віншаванне. Адразу нашым слухачам варта расказаць, што гэты матэрыял ствараўся два гады таму, тэма гэта тады была вельмі актуальная. Але ўжо Аляксандр Лукашэнка адмовіўся ад сваёй ідэі…

РР: Магчыма, дзякуючы такім рэпартажам…

Улад Грынеўскі: Магчыма і дзякуючы таму, што адбывалася ў сродках масавай інфармацыі – на гэтую тэму была вялікая дыскусія. Таксама Гжэгаш Схэтына зараз, мы слухалі паўтор матэрыяла і звярнулі ўвагу, што ён калісьці быў старшынём камісіі, а зараз ужо Міністр замежных справаў Польшчы. Так, сапраўды, гэта была такая вельмі прыемная ўзнагарода – першае месца сярод усіх краінаў „Усходняга партнёрства”. Варта, напэўна, расказаць, з чаго ўвогуле пачаўся гэты праект. Гэты праект прыдумалі ў Еўрапейскім звязе пры патранаце ВВС. А ВВС у нас, у постсавецкай прасторы, лічыцца такім гуру журналістыкі. І медыя-эксперты ВВС, таксама пры супрацоўніцтве з Еўрапейскім звязам, вельмі хацелі падзяліцца сваіми ведамі з іншымі журналістамі, таму была распрацаваная цэлая праграма, якая праходзіла на працягу 2-3 гадоў. Вось на гэтай сустрэчы ў Бруселі расказвалі пра тое, што дзякуючы гэтай праграме, ставарылася цэлаю карэспандэнцкая сетка ў розных краінах, і там мы ўсе пазнаёміліся і цяпер можам абменьвацца інфармацыяй. Якое для мяне адкрыццё падчас гэтай паездкі ў Брусель? Было такое адкрыццё, што тут сустрэліся прадстаўнікі з краін „Усходняга партнёрства”, гэта Беларусь, Украіна, Малдова, Арменія, Азербайджан ды Грузія, і мой матэрыял быў лепшым сярод тых матэрыялаў, якія рабілі журналісты ва ўсіх гэтых краінах. Але яшчэ там была такая еўрапейская праграма Еўрапейскага звязу „Паўднёвае суседства” – гэта краіны, якія для мяне калісьці здаваліся вельмі далёкімі – Сірыя, Егіпет, Іярданія, Туніс, Ліван, Алжыр, Ізраіль, Марока і Палестына – прадстаўнікі з усіх гэтых краінаў былі на гэтых сустрэчах у Бруселі. Адпаведна былі розныя намінацыі, розныя катэгорыі. І вельмі цікава было пазнаёміцца з журналістамі, якія таксама працуюць у гэтых арабскіх краінах.

IMG_4718

РР: Пяць намінацый было па кожнай з гэтых груп, „Усходняе парнёрства”, „Паўднёвае партнёрства”, – гэта тэлебачанне, радыё, аналайн, газетны рэпартаж, інтэрв’ю, і тут варта адзначыць, што ва „Усходнім партнёрстве” як раз беларусы ўзялі большасць узнагародаў. Ці заўважылі тое, што беларусы, нягледзячы на праблемы са СМІ ў краіне, добра працуюць?

Улад Грынеўскі: Заўважылі пра тое, што беларусы добра працуюць, сапраўды казалася пра тое, што беларусы найбольш занялі першых месцаў, але варта адзначыць, што Украіна таксама была сярод уганараваных, у намінацыі “тэлерадыёрэпартаж” перамагла карэспандэнтка ўкраінскага 5-га каналу, у яе быў, на мой погляд, вельмі цудоўны матэрыял, яна зрабіла яго пра вельмі важную праблему, якая ва Украіне зараз існуе, яна расказвала пра тое, як варта працаваць з дзецьмі, якія калісьці знаходзіліся на акупаванай тэрыторыі, якія бачылі вайну, і яна сапраўды расказала вельмі цікавую гісторыю ў сваім рэпартажы. Дзеці, якіх эвакуявалі з Данбасу, яны працягваюць жыць у стане вайны ўжо на тэрыторыі Украіны. Для дзяцей вайна ўспрымаецца зусім па-іншаму, для іх гэта гульня ў вайнушку, і журналістка акурат падымала такую тэму, вельмі важную, у яе была перамога ў намінацыі “тэлебачанне”.

РР: Ці былі іншыя сустрэчы, акрамя афіцыйных? Ці разумеюць тыя праблемы, з якімі сутыкаюцца краіны „Усходнага партнёрства” ці „Паўднёвага партнёрства”, еўрапейскія чыноўнікі, еўрапейцы ў самым цэнтры Еўропы?

Улад Грынеўскі: Сустрэчаў было вельмі шмат, як аказалася ў Бруселі знаходзіцца вельмі шмат будынкаў, у якіх месцяцца еўрапейскія інстытуцыі. І нам нават адмысловую лекцыю чыталі, дзе які будынак знаходзіцца, дзе спецыялісты па якіх краінах сядзяць, як іх там шмат. На гэтых сустрэчах мы таксама маглі задаць пытанні еўрапейскім чыноўнікам, таксама была цікавая сустрэча ў Еўрапейскім парламенце, дзе мы сустракаліся з кіраўніком Камісіі па замежных справах. Мы, беларускія журналісты, найперш задавалі пытанні адносна беларускага ўдзелу ва „Усходнім партнёрстве.” Зараз у іх сур’ёзна гучыць пытанне, якое агучылі латвійскія дэпутаты: запрашаць ці не запрашаць Аляксандра Лукашэнку на саміт „Усходняга партнёрства”, які адбудзецца ў Рызе? І практычна кожны з еўрапейскіх чыноўнікаў, з якімі мы сустракаліся, расказвалі нам пра тое, што на гэты конт будуць весціся вельмі важныя дыскусіі. Да сёння яны не ведаюць адказу на гэтае пытанне, але хутчэй, напэўна паведамлю таямніцу, бо некаторыя сустрэчы былі без магчымасці запісвання і цытавання, але яны хутчэй схіляюцца да таго, што Аляксандр Лукашэнка не будзе яшчэ запрошаны на саміт у Рызе, паколькі “не заслужыў”.

1545595_866517650037554_3898611031790621080_n

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Матэрыял Улада Грынеўскага, які стаў пераможцам конкурсу.