Журналіста пакаралі за тэлесюжэт, які не выйшаў у эфір



Суд Кастрычніцкага раёна Віцебска разгледзеў адміністратыўную справу ў дачыненні да журналіста “Белсата” Сяргея Русецкага. Яго вінавацілі па артыкуле 22.9 Адміністратыўнага кодэкса – “Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”. Пры гэтым 25-га сакавіка сюжэт Русецкага ў эфіры “Белсата” не выйшаў і, адпаведна, гледачы яго не маглі бачыць.

На пачатку пасяджэння журналіст-фрылансер заявіў пра недавер суду, але адвод заяўляць не стаў. Сяргей Русецкі выступіў з хадайніцтвамі весці працэс на беларускай мове і адразу выдаць яму копію пастановы пра пакаранне — у справядлівым прысудзе ён сумняваўся. Абодва хадайніцтвы былі імгненна адхіленыя судом.

Капітан міліцыі Вяракса склаў пратакол з граматычнымі памылкамі, на думку журналіста ён нічым не даказаў яго віны, аднак суддзя Алеся Жарыкава ўсё адно пакарала Сяргея Русецкага штрафам у 20 базавых велічыняў.

– Першапачаткова, трэба адзначыць, пратакол быў складзены па іншым артыкуле – за ўдзел. Маецца на ўвазе парушэнне заканадаўства аб мірных сходах. Мне ўдалося пераканаць супрацоўнікаў міліцыі, што я знаходзіўся 25 сакавіка ў Віцебску ў месцы мітынгаў і шэсцяў як журналіст. І таму быў спынены працэс па тым артыкуле за ўдзел у масавым мерапрыемстве. Але была заведзеная новая справа за парушэнне заканаўства ў галіне СМІ.

Таксама падчас судовага пасяджэння Сяргей Русецкі адзначыў, што каля месяца за ім назіралі невядомыя асобы ў цывільным.

Вырак суда Кастрычніцкага раёна журналіст назваў абсурдным, адзначыўшы, што яму далі штраф за неіснуючы сюжэт.

Беларускае Радыё Рацыя